Агітмабіль, чэргі курсантаў і чыноўнікі з сем'ямі: як праходзіць другі дзень датэрміновага галасавання
З 21 да 25 студзеня ўключна ў Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах*, якія адбываюцца ў атмасферы пагроз, нагнятання страху, ціску і рэпрэсій. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, як праходзіць другі дзень датэрміновага галасавання. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
![]()
У Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне. Як праходзіць першы дзень?
Прапагандысты заявілі пра "пазаштатныя сітуацыі" на двух участках для галасавання
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал заяўвіў, што назіральнікі зафіксавалі першыя "пазаштатныя сітуацыі" на двух участках падчас датэрміновага галасавання. Высветлілася, што гаворка ідзе пра спробы сфатаграфаваць запоўненыя бюлетэні.
"Камісія своечасова адрэагавала на гэтыя інцыдэнты", — гаворыцца ў паведамленні.
Аб наступным развіцці сітуацыі не паведамляецца.
ЦВК: датэрмінова прагаласавалі 17,67 % грамадзян
За два дні ў датэрміновым галасаванні, як сцвярджае ЦВК, на выбарах* прыняло ўдзел 17,67 % грамадзян.
Рэкламныя акцыі з заклікам галасаваць і падарункі
У Гомелі Навабеліцкага раёна супрацоўнікамі адміністрацыі 22 студзеня пусцілі агітацыйны аўтамабіль па вуліцах горадах.
"Ён праехаў па раёне, і актывісты, якія знаходзяцца ў ім, нагадалі гараджанам песнямі патрыятычнага кірунку, якія гучаць з музычнай калонкі, яшчэ раз пра неабходнасць прыйсці на выбарчы ўчастак і выканаць свой грамадзянскі абавязак", — пішуць "Гомельскія ведамасці".
Начальніца аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі адміністрацыі Навабеліцкага раёна Наталля Кот распавяла пра матэрыяльныя падарункі для тых, хто прагаласуе. Напрыклад, конкурс фота "Галасуем усёй сям'ёй", "Зрабі выбар — схадзі ў кіно" (абяцаюць бясплатны прагляд фільма ў кінатэатры "Мір". Адзначаецца, што грамадскія арганізацыі раёна правядуць бяспройгрышную латарэю. Але не ўдакладняецца, з якога бюджэту на гэтыя акцыі выдаткаваны грошы.
Прапаганда справаздачыцца пра людзей, якія прыходзяць галасаваць
Па апублікаваных фота і відэа відаць, што кабінкі для галасавання на ўчастках не абсталяваны шторкамі. На большасці ўчастках у кожнай кабінцы вывешана папярэджанне аб забароне здымкі бюлетэня.
Раённая газета "Прысталічча" піша, што на трэцім Сеніцкім выбарчы ўчастак для галасавання № 92 датэрмінова галасуюць моладзь і ветэраны. Такая сітуацыя адзначаецца па ўсёй Беларусі. Таксама ў датэрміновым галасаванні, як вынікае з шматлікіх дзяржаўных рэпартажах, актыўна задзейнічаны прадстаўнікі дзяржаўных органаў розных узроўняў.
"Галасуючыя ў Мінскім абласным дзяржаўным каледжы ў большасці сваёй паралельна будуць працаваць у асноўны дзень выбараў у якасці валанцёраў, таму яны вырашылі галасаваць датэрмінова", — тлумачыць раёнка.
Упершыню галасуючым на ўчастку ўручылі падарункі: кнігі з дзяржаўнай сімволікай і футболкі «Твой голас першы». Раней юрысты адзначалі, што ў назве цішоткі хаваецца ўскосная агітацыя за Лукашэнку.
Раней кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паведамлялі, што куратары некалькіх факультэтаў у Полацкім дзяржаўным універсітэце заклікалі групы першых курсаў галасаваць датэрмінова, за што абяцалі падарункі.
Таксама раённая газета "Прысталічча" паказала чэргі курсантаў цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь, якія прыехалі з вёскі Гарані на Навасельскі ўчастак для галасавання № 30, каб прагаласаваць датэрмінова. Такія чэргі ў працоўны дзень днём могуць сведчыць пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу.
На першым Капішчанскім участку № 23 старшынёй камісіі з'яўляецца Вольга Ванецкая. Яна распавяла газеце "Прысталічча":
"Людзі прыходзяць вельмі актыўна, часта прыходзяць сем'ямі. Учора на ўчастак цэнтралізавана прыехаў галасаваць цэлы дом".
У Гомельскім раёне, як піша "Белта", асабісты склад тэрытарыяльных войскаў Гомельскага раёна датэрмінова парагаласаваў на выбарчым участку ў аграгарадку Новая Гута. Вучэбны збор з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў пад кіраўніцтвам старшыні Гомельскага райвыканкама праводзіцца з 8 па 31 студзеня. "Белта" паказала чэргі вайскоўцаў.
BELPOL атрымаў спісы звыш 10 000 сябраў выбарчых камісій
Па інфармацыі BELPOL, гэтыя асобы былі зацверджаныя ў верасні 2024 года, яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння даты выбараў.
Паведамляецца, што прызначэнне кандыдатаў у выбарчыя структуры адбывалася пасля праверкі на лаяльнасць у структурах КДБ-МУС. BELPOL сцвярджае, што працягвае атрымліваць інфармацыю аб датычных да фальсіфікацыі выбараў і мае намер расказаць яе.
Адзначым, што агулам на гэтых выбарах* было прызначана 56 550 сябраў участковых камісій і 1689 тэрытарыяльных камісій.
Дэманстратыўнае датэрміновае галасаванне чыноўнікаў
Як і ў першы дзень датэрмінавога галасавання, дзяржаўныя медыя і афіцыйныя тэлеграм-каналы і сайты дзяржаўных органаў працягваюць асвятляць датэрміновае галасаванне чыноўнікаў і чыноўніц. Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначалі, што такія відэа з'яўляецца часткай прапаганды, накіраванай на стварэнне ілюзій легітымнасці працэсу і масавага ўдзелу ў галасаванні. Так, 22 студзеня ЦВК адсправаздачылася, што на другі дзень датэрміновага галасавання разам з сям'ёй на 51-м выбарчым участку ў Мінску прагаласаваў намеснік старшыні ЦВК Беларусі Аляксей Башан.
22 студзеня тэлеграм-канал "Міліцыя Беларусі" адсправаздачыўся, што датэрмінова актыўна галасуюць кіраўнікі, супрацоўнікі міліцыі і вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС. Тлумачыцца гэта тым, што ў асноўны дзень галасавання "супрацоўнікі будуць задзейнічаны ў ахове грамадскага парадку на выбарчых участках".
Датэрміновая рэакцыя МЗС на рэзалюцыю ЕС
22 студзеня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб "дзеяннях у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі". Яшчэ да яе публікацыі МЗС Беларусі адрэагавала на яе і назвала "грубейшым умяшальніцтвам у суверэнныя справы Беларусі". Прэс-сакратар Анатоль Глаз заявіў:
"У распараджэнні МЗС аказалася заява Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якую яна плануе зрабіць пасля выбараў. Выбары толькі пачаліся, а там ужо ўсё асуджана і не прызнана".
![]()
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб "дзеяннях у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі"