"Цэлыя сем'і", спартоўцы і назіральнікі ад СНД на ўчастках: як праходзіць трэці дзень датэрміновага галасавання
З 21 да 25 студзеня ўключна ў Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах*, якія адбываюцца ў атмасферы пагроз, нагнятання страху, ціску і рэпрэсій. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, як праходзіць трэці дзень датэрміновага галасавання. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
![]()
Агітмабіль, чэргі курсантаў і чыноўнікі з сем'ямі: як праходзіць другі дзень датэрміновага галасавання
Распавядаем, як праходзіць другі дзень датэрміновага галасавання.
ЦВК сцвярджае, што за тры дні датэрміновага галасавання прагаласавалі 27,15% выбаршчыкаў
- Брэсцкая вобласць — 30,66%
- Віцебская вобласць — 27,47%
- Мінская вобласць — 27,37%
- Гродзенская вобласць — 27,03%
- Магілёўская вобласць — 26,90%
- Гомельская вобласць — 25,99%
- Мінск — 25,21%
Дзеля стапрацэнтнай яўкі на выбарах у бальніцах абмяжоўваюць правы пацыентаў
Пра гэта паведамляе "Люстэрка". Мінімум у чатыры бальніцы аднаго з абласных цэнтраў Беларусі паступіла распараджэнне забяспечыць яўку пацыентаў стацыянара на галасаванні. Праз гэта хворых не адпускаюць дадому на выходныя, а таксама зацягваюць выпіску. Больш за тое, як стала вядома "Люстэрку", у спісы выбаршчыкаў даручана ўключаць нават пацыентаў рэанімацыі, якія знаходзяцца на апараце ШВЛ.
— На пытанне навошта, бо гэтыя людзі відавочна галасаваць не будуць, адказ быў: "Якая розніца? У нас галасуюць усе". Там людзі, якія паступілі на паліятыўныя аперацыі на апошняй стадыі раку, але пасля наркозу ў прытомнасць не прыйшлі і ўжо, хутчэй за ўсё, не прыйдуць. Ім ужо не дапаможаш, але і нельга ж адключыць ад апарата — яны проста чакаюць свайго канца. Але прагаласаваць, атрымліваецца, мусяць, — расказваюць крыніцы СМІ.
Кіраўнік ЦВК пагражае сілавікамі ініцыятыве BELPOL, якая апублікавала спісы сябраў участковых камісій
Старшыня ЦВК Ігар Карпенка пракаментаваў інфармацыю пра тое, што ў адкрытым доступе з'явіліся спісы сябраў участковых камісій.
"Гэта грубае парушэнне электаральнага суверэнітэту. Так можна трактаваць. Я думаю, што праваахоўныя органы дадуць сваю адпаведную ацэнку гэтаму факту. Таму адказ давядзецца трымаць".
Нагадаем, учора ініцыятыва BELPOL апублікавала спіс звыш 10 000 сябраў участковых камісій, што прымаюць удзел у выбарах*.
Upd.: Увечары 23 студзеня стала вядома, што ў дачыненні да BELPOL Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце «наўмысных незаконных збору і распаўсюду інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных больш за дзесяці тысяч грамадзян, якія з'яўляюцца членамі выбарчых камісій і назіральнікамі пры правядзенні электаральнай кампаніі 2025 года». Такія дзеянні BELPOL кваліфікаваны па ч. 1 арт. 203-1 Крымінальнага кодэксу.
Нібыта 15 беларусаў прыехалі з-за мяжы, каб прагаласаваць на выбарах*
Раней паведамлялася, што за межамі Беларусі не плануецца ствараць выбарчыя ўчасткі. Беларусам замежжа прапаноўваюць прыняць удзел у галасаванні на выбарах*, прыехаўшы ў Беларусь — для іх створаны шэсць выбарчых участкаў. Нагадаем, раней юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" патлумачылі, што пазбаўляць права голасу значную частку грамадства — гэта дыскрымінацыя.
![]()
"Гэта дыскрымінацыя": ЦВК прапануе беларусам замежжа прагаласаваць унутры краіны
"Дабраахвотна-прымусовы" парадак датэрміновага галасавання
Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, датэрміновае галасаванне ў Магілёўскай вобласці вобласці праходзіць шмат у чым у "добраахвотна-прымусовым" парадку. Так, на выбарчых участках арганізавана адзначыліся студэнты МДУ імя А.А. Куляшова, БРУ, архітэктурна-будаўнічага каледжа, курсанты факультэта міліцыі Інстытута МУС, а таксама ваеннаслужачыя.
На здымку — курсанты факультэта міліцыі Інстытута МУС, якія прагаласавалі ўпершыню. Нагадаем, упершыню прагаласаваўшым ў гэтым годзе выдаюць сувеніры, у тым ліку — цішоткі з айдэнтыкай Лукашэнкі, што з'яўляецца агітацыяй не па правілах.
У Круглым арганізаваны паход на датэрміновае галасаванне адбыўся для супрацоўнікаў мясцовай пракуратуры і раённага выканаўчага камітэта.
Прапаганда працягвае масава публікаваць здымкі тых, хто прыходзіць галасаваць
Па апублікаваных фота і відэа відаць, што кабінкі для галасавання на ўчастках не абсталяваны шторкамі. На большасці ўчастках у кожнай кабінцы вывешана папярэджанне аб забароне здымкі бюлетэня. Праўладныя СМІ робяць акцэнт на тым, што прыходзяць галасаваць моладзь, спартоўцы, сталыя людзі, ваенныя і "цэлыя сем'і".
"Витебские вести" адсправаздачыліся, што ўпершыню прагаласавала сям'я Нікіціных з Туркменістана, якая атрымала беларускае грамадзянства.
Бабруйская раёнка распавядае пра "папулярных блогераў", якія паўдзельнічалі датэрмінова. Яны прамаўлялі кампліменты дзяржаве і посцілі сторыз з выбарчага ўчастка.
Галасаванне чыноўнікаў
Як і ў першыя два дні датэрмінавога галасавання, дзяржаўныя медыя і афіцыйныя тэлеграм-каналы і сайты дзяржаўных органаў працягваюць асвятляць датэрміновае галасаванне чыноўнікаў і чыноўніц. Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначалі, што такія відэа з'яўляецца часткай прапаганды, накіраванай на стварэнне ілюзій легітымнасці працэсу і масавага ўдзелу ў галасаванні.
23 студзеня праўладныя СМІ справаздачацца пра тое, як галасуе старшыня ЦВК Ігар Карпенка. Яны публікуюць відэа і фота, як ён галасуе разам з сям'ёй.
Асвятленне дзейнасці назіральнікаў ад СНД
У трэці дзень датэрміновага галасавання рэгіянальныя медыя таксама публікуюць справаздачы пра дзейнасць міжнародных назіральнікаў місій СНД. Старшыня місіі Сяргей Лебедзеў заўпэўніў СМІ, што назіральнікі ад СНД наведалі ўжо ўсе рэгіёны Беларусі.
Напрыклад, у Віцебскай вобласці яны пачалі маніторыць выбарчую кампанію і ўжо "адзначаюць дастаткова высокую актыўнасць грамадзян падчас датэрміновага галасавання, цікаўнасць людзей да выбарчага працэсу, актыўную працу арганізатараў з маладымі выбаршчыкамі".
Нагадаем, у Беларусі з 2020 года незалежнае назіранне стала практычна немагчымым. Назіральнікі АБСЕ былі выключаныя, а мясцовыя незалежныя арганізацыі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і крымінальным пераследам. Гэта робіць немагчымым аб'ектыўную ацэнку сумленнасці выбараў і падрывае давер да выбарчага працэсу.
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка падкрэсліваў, што ў выпадку з назіральнікамі ад СНД і падобных інстытутаў – гэта палітычныя праўладныя (у сваіх краінах) прызначэнцы:
"26 студзеня "міжнародным назіральнікам" ад СНД і ШАС можна будзе стаць сведкамі толькі аднаго: вонкава бездакорнага парадку на ўчастках для галасавання", — адзначаў праваабаронца.