Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Спецдакладчык па Беларусі Нілс Муйжніекс: "Выбары становяцца каталізатарам парушэнняў правоў чалавека"

Спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс выступіў на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Вільні. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на сітуацыю з правамі чалавека, звязанымі з выбарамі.

nils_mujznieks.png
Нілс Муйжніекс

"Магчыма, вы чулі пра мерапрыемства, якое праводіцца ў гэтую нядзелю ў Беларусі, — з такіх слоў пачаў свой выступ Нілс Муйжніекс. — Спадар Лукашэнка называе гэта выбарамі прэзідэнта ў Беларусі, праваабаронцы ставяць зорачку каля слова "выбары", каб падкрэсліць падробны характар гэтай справы. Іншыя называцюь гэта выбарчым перформансам, спецаперацыяй, бязвыбарамі, несапраўднымі выбарамі. У мой мандат не ўваходзіць азначэнне таго мерапрыемства, што праходзіць ў нядзелю. Але сітуацыя з правамі чалавека вакол гэтага мерапрыемства — гэта мой мандат. Я цяпер ужо каля трох месяцаў на гэтай пасадзе, але я ўжо сустрэўся са шмат якімі беларусамі за мяжой у рэжыме анлайн, у Рызе, дзе я жыву, у Вільні, у Варшаве, таксама быў у Жэневе, на наступным тыдні я наведаю Брусэль. То бок я на працягу першых тыдняў майго мандату разбіраюся ў сітуацыі. Першую частку сваёй справаздачы Радзе па правах чалавека ў Жэневе я прысвячу праву выбіраць і быць абранымі на рэгулярных выбарах, і таксама сітуацыі з правамі чалавека, звязанымі з выбарамі. Пакуль што я працягваю збор інфармацыі, дадзеных, але сёння хачу падзяліцца пэўнымі папарэднімі назіраннямі з вамі".

Як адначыў Нілс Муйжніекс, яго папярэдніца, Анаіс Марэн, спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі, таксама прысвяціла некалькі справаздач тэматыцы правоў чалавека, у прыватнасі накіраваным Радзе па правах чалавека ААН. І яна заўважыла, што часта выбары становяцца каталізатарам парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

"Так тады было, і так адбываецца і цяпер, — сказаў Муйжніекс. —  Выбары становяцца каталізатарам парушэнняў правоў чалавека. Вольныя выбары патрабуюць свабоды думкі, свабоды выражэння думкі, свабоды СМІ, патрабуюць аб'яднанняў, свабоды мірных сходаў і, вядома, патрэбныя тэхнічная інфраструктура для правядзення выбараў. Неабходна забяспечыць празрыстаць выбарчых камісій, што там прысутнічаюць прадстаўнікі розных бакоў, што няма неналежных абмежаванняў у вылучэнні кандыдатуры або выбарчых правоў, што забяспеваюцца пэўныя працэдурныя гарантыі, што няма неналежных абмежаванняў назірання за выбарамі.

Нічога з гэтага ў Беларусі няма: ані правоў, ані тэхнічнай інфраструктуры. Праваабарончыя арганізацыі налічылі звыш 1200 палітычных вязняў у Беларусі (па стане на гэты тыдзень). Гэта вялізная колькасць для такой краіны, як Беларусь. Даволі лёгка, калі паглядзець на Беларусь, параўнаць, напрыклад у Гугле, колькі палітычных вязняў у Расіі ці ў Кітаі, і тады паглядзець на насельніцтва — і вы пабачыце, што ў Беларусі вялікая колькасць палітычных зняволеных на душу насельніцтва па любых паказчыках".

Таксама спецыяльны дакладчык распавёў пра тэндэнцыі ў плане рэпрэсій:

"Рэпрэсіі працягваюцца, у гэтым няма нічога новага. І паводле крымінальных, і адміністрацыйных справаў палітычна матываванага характару. І што новага: з лета адбыліся некалькі памілаванняў, каля 250 чалавек, паводле паведамленняў, але больш вялікая частка рэпрэсій схавана, бо людзі баяцца пра яе гаварыць. І журналісты, і праваабаронцы, і іншыя недаатрымліваюць інфармацыю, і ўлады шмат інфармацыі не публікуюць — ні аб тых, каго пераследуюць, ні аб тых, каго вызваляюць. Таму інфармацыю атрымаць цяжка. І мы ведаем прыблізныя лічбы. Часам рэпрэсіі накіроўваюцца на блізкіх і родных пацярпелых і унутры Беларусі, і тых людзей, якія з'ехалі з Беларусі. Мы ведаем пра некаторую вельмі жорсткую практыку, такую, як паўторнае вынясенне прысудаў або адвольнае прадаўжэнне турэмных зняволенняў, і вельмі часта гэта носіць транснацыянальны характар. Прадпрыманне дзеянняў супраць людзей, якія з'ехалі з Беларусі і жывуць тут, у Літве, ці ў Польшчы, ці яшчэ дзесьці. Вядомыя палітычныя вязні — гэта апазіцыйныя палітыкі, але таксама і праваабаронцы, такія як Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, які цяпер на вельмі працяглы тэрмін знаходзіцца ў зняволенні. Рэпрэсіі таксама накіроўваюцца (чым далей, тым больш) на адвакатаў, якія займаюцца палітычна чуллівымі справамі. На гэтым тыдні колькасць мерапрыемстваў прысвечана Дню адваката, які знаходзяцца ў рызыцы, і адвакатуры ў розных краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі прысвячаюць гэты дзень беларускім адвакатам, каб падкрэсліць, наколькі цяжка быць адвакатам у Беларусі на сённяшні дзень. У атмасферы распаўсюджанага страху і рэпрэсій вельмі цяжка праводзіць вольныя выбары, можа нават немагчыма. Сітуацыя застаецца надзвычай складанай".

Спецыяльны дакладчык узгадаў і той факт, што ў 2024 годзе "Рэпарцёры без межаў" паставілі Беларусь на 167 месца са 180 краін:

"То бок практычна ў самы ніз гэтага спісу, і сітуацыя пагоршылася ў параўнанні з папярэднім годам. Тэндэнцыя такая, што практычна ўсе незалежныя СМІ, сайты, сацыяльныя сеткі пасля 2020 года былі зачыненыя. Грамадскія дзеячы налічылі, што за кратамі знаходзіцца 45 журналістаў і медыясупрацоўнікаў. І да канца 2024 года гэта лічба падрасла. Улады выкарыстоўваюць антытэрарыстычнае, антыэкстрэмісцкае заканадаўства для пераследа людзей за ўжыванне СМІ — не толькі для журналістаў і медыя прадстаўнікоў, але і ўжыванне медыя: за перапошчванне, за ўпадабанне гісторый. Прымяняецца заканадаўства аб паклёпе, шмат каго пераследуюць за знявагу аўтарытэту, часта за знявагу Лукашэнкі, альбо дыскрэдытацыю Беларусі. Калі выбаршчыкі не могуць незалежна сфармаваць сваё волевыяўленне, атрымаць незалежную інфармацыю, выбары нельга лічыць вольнымі. Свабода аб'яднанняў і сходаў у Беларусі жорстка абмяжоўваецца, у выніку чаго палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, адвакатура, прафсаюзы, рэлігійныя, культурніцкія арганізацыі і іншыя — на ўсіх іх гэта адбіваецца.

У 2023 годзе быў прыняты закон, паводле якога ўсе палітычныя партыі мусілі прайсці перарэгістрацыю. І патрабаванні перарэгістрацыі былі накіраваны на зачыстку прасторы, і колькасць палітычных партый у Беларусі скарацілася з 16 да 4. І ўсе гэтыя партыі лаяльныя да ўладаў. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці налічваюць, што больш за сотню прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці знаходзіцца ў зняволенні, мы бачым, што працягваецца ліквідацыя грамадскіх арганізацый у Беларусі, але зноў гэта адсачыць вельмі цяжка падрабязна, бо шмат якіх грамадскіх арганізацый прыпынілі сваё дзеянне, яны рэлакаваліся за мяжу, часам яны пачынаюць функцыянаваць у якасці бізнэс-структур, часам яны перамяшчаюцца ў падполле, таму дакладная колькасць усё яшчэ функцыянуючых у Беларусі структур — я б сапраўды ставіў пад сумнеў любыя лічбы, якія мы бачым".

Нілс Муйжніекс звярнуў увагу і на права на мірныя сходы у Беларусі — "разбітае з выкарыстаннем усіх механізмаў рэпрэсій".

"Калі нельга працаваць у палітычных партыях, калі нельга удзельнічаць у грамадскіх арганізацыях, калі нельга сабраць мірны сход для таго, каб данесці інфармацыю —забяспечыць плюралізм і палітычную канкурэнцыю немагчыма, што і складае сутнасць вольных выбараў.

 Я не буду гаварыць пра тактычную арганізацыю выбараў, таму што на гэтую тэму выходзяць справаздачы, вельмі добрыя якасныя, у тым ліку кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якія выпускаюць вельмі якасныя справаздачы аб фармаванні камісій, аб вылучэнні і рэгістрацыі кандыдатаў, і аб іншых аспектах. Арганізацыя выбараў праводзіцца такім чынам, што няма ніякіх сумневаў аб тым, якія могуць быць вынікі выбараў, і няма рэальнага выбару. Не будзе незалежнага назірання за выбарамі з боку АБСЕ БДІПЧ, таму што іх запрасілі толькі некалькі дзён таму, і ў такіх умовах яны не працуюць. Не будзе сапраўднага грамадскага назірання за выбарамі. Нельга давяраць вынікам назірання, што ажыццяўляецца сябрамі і саюзнікамі спадара Лукашэнкі. Тое, што адбудзецца ў нядзелю, незалежна ад таго, як гэта можна назваць, не будзе вольным і справядлівым. І сітуацыя з правамі чалавека, што атачае выбары, будзе даволі жорсткая".

Выбары*2025. Аналітычныя справаздачы

Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2025 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.

"Мне вельмі хочацца дачакацца дня, калі нашыя палітычныя вязні, такія як Алесь Бяляцкі, будуць вызваленыя. Чакаю таго дня, калі палепшыцца сітуацыя з правамі чалавека, каб маглі адбыцца сапраўдныя выбары з непрадказальнымі вынікамі, чакаю дня, калі спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі больш не будзе неабходны, і гэтую працу я згублю, хоць па сапраўднаму гэта не праца, гэта хобі, шляхетнае хобі. Чакаю таго дня, калі Група незалежных экспертаў па Беларусі — яшчэ адна структура з мандатам ААН для забеспячэння адказнасці за парушэнне правоў чалавека, якая збірае дадзеныя, інфармацыю — я чакаю таго дня, калі яны закончаць сваю працу, і будуць прыцягнутыя да адказнасці вінаватыя ў парушэнні правоў чалавека", — такімі словамі скончыў сваю прамову спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс