Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічання выбарам выступіў з заявай наконт выбараў* у Беларусі
Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічання выбарам (International IDEA) 24 студзеня выступіў з заявай наконт сёмых прэзідэнцкіх выбараў* у Беларусі. Адзначаецца, што на працягу амаль 30 гадоў выбары ў Беларусі не адпавядаюць стандартам свабоды і справядлівасці. Інстытут канстатуе, што выбары, прызначаныя на 26 студзеня 2025 года, праходзяць у абстаноўцы страху і рэпрэсій, і яны зноў пазбавяць беларусаў права абіраць легітымнага лідара і вызначаць сваю дэмакратычную будучыню.
У заяве падкрэсліваецца, што "свабодная і адкрытая агітацыя кандыдатаў, якія выступаюць супраць кіруючага рэжыму, немагчымая ў краіне, пазбаўленай свабоды слова, свабоды сходаў і свабоды інфармацыі".
"Рэжым, які ўзначальвае Аляксандр Лукашэнка, пастаянна парушае правы чалавека. Ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, апазіцыйных партый і пераслед актывістаў у апошнія месяцы толькі ўзмацніліся. Гэта расчысціла шлях для "самапрызначэння" Лукашэнкі — старанна зрэжысаванай спробы ўзаконіць яго праўленне", — гаворыцца ў заяве.
Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічання выбарам адзначае, што ў трэці раз запар міжнародныя назіральнікі з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ) не змогуць сачыць за ходам выбарчага працэсу, таму ў адсутнасць магчымасці арганізаваць паўнавартаснае незалежнае назіранне, не будзе і ацэнкі з боку незалежных і аўтарытэтных місій міжнародных назіральнікаў.
IDEA заклікала міжнародную супольнасць асудзіць гэтыя выбары; падтрымаць беларускіх грамадзян, незалежныя СМІ, грамадскія арганізацыі і дэмакратычныя сілы; дапамагчы народу Беларусі пракласці шлях да вольнай, дэмакратычнай і незалежнай будучыні.
"Толькі дэмакратычная Беларусь можа гарантаваць дабрабыт сваіх грамадзян і бяспеку тых, хто знаходзіцца ў яе рэгіёне", — лічаць у арганізацыі.
Міжнародны Інстытут дэмакратыі і садзейнічання выбарам (International IDEA) — міжурадавая арганізацыя, якая падтрымлівае дэмакратыю ва ўсім свеце. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Стакгольме. У арганізацыю ўваходзіць 37 дзяржаў, ЗША маюць статус назіральніка. У 2025 годзе старшынства ў арганізацыі ажыццяўляе прадстаўнік Швейцарыі, яго намеснікі — прадстаўнікі Дамініканскай Рэспублікі і Інданезіі.