Апошні дзень датэрміновага галасавання: праблемы з інтэрнэтам і справаздачы прапагандыстаў
Сёння — апошні дзень датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах*, якія адбываюцца ў атмасферы пагроз, нагнятання страху, ціску і рэпрэсій. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, як праходзіць пяты дзень датэрміновага галасавання. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
![]()
Чацвёрты дзень датэрміновага галасавання ў цені "Марафона адзінства"
Распавядаем, як праходзіць чацвёрты дзень датэрміновага галасавання.
ЦВК сцвярджае, што за пяць дзён датэрміновага галасавання прагаласавалі 41,81% выбаршчыкаўМагілёўская вобласць — 42,95%
- Мінская вобласць — 42,68%
- Брэсцкая вобласць — 41,99%
- Гомельская вобласць — 41,72%
- Віцебская вобласць — 41,51%
- Мінск — 41,14%
- Гродзенская вобласць — 40,70%
У Гомельскай вобласці да панядзелка выключаць інфармацыйныя экраны
Пра гэта паведамляе "Флагшток". Імаверна, баяцца паўтору леташняй сітуацыі, калі на гадавіну ўварвання Расіі ва Украіну ў краіне ў выніку ўзлому масава паказвалі відэазварот Ціханоўскай.
У Брэсце ў "міжнародныя назіральнікі" запісалі студэнтаў-замежнікаў БрДТУ. Хаця ЦВК запэўнівае, што міжнародныя назіральнікі — гэта "палітыкі, дэпутаты, грамадскія дзеячы"
Сайт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ганарліва паведаміў, што іх двое студэнтаў-замежнікаў афіцыйна сталі назіральнікамі на выбарах* 2025 года. ЦВК Беларусі адобрыў студэнтаў — грамадзянку Расіі і грамадзяніна Таджыкістана — у якасці «міжнародных назіральнікаў».
Тым часам ЦВК у сваім афіцыйным тэлеграм-канале заявіў, што на бягучым электаральным мерапрыемстве 486 «міжнародных назіральнікаў», сярод якіх 112 «незалежных назіральнікаў» (г.зн. якія не прадстаўляюць ніводную арганізацыю). Гэтых 112 чалавек ЦВК прадставіў як «палітыкаў, дэпутатаў, грамадскіх дзеячаў» у сваіх краінах і называе «незалежнымі экспертамі».
Атрымліваецца, у лік 112 «міжнародных незалежных назіральнікаў-экспертаў» трапілі і звычайныя студэнты-замежнікі брэсцкай ВНУ, піша "Брэсцкая Вясна".
Выканаўчыя органы арганізавалі канцэрты на ўсіх выбарчых участках Мінска
"Белта" паведаміла, што на канцэртах у дзень выбараў* 26 студзеня будуць задзейнічаны больш за 450 артыстаў. Сярод іх — Алёна Ланская, Жанет, Ірына Дарафеева, Дзмітрый Качэроўскі, Маргарыта Аляксандравіч. Адзначаецца, што арганізатарамі канцэртаў выступаюць Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і адміністрацыі раёнаў.
Прапагандысты паведамляюць, што фіксуюцца асобныя выпадкі спроб фатаграфавання запоўненых бюлетэняў
Як адзначаюць у Цэнтры грамадскага назірання за выбарамі*, парушэнні пакуль дапускаюць толькі асобныя выбаршчыкі, гэта спробы фатаграфавання запоўненага бюлетэня. За чатыры дні датэрміновага галасавання было зафіксавана 12 такіх фактаў.
У Івацэвіцкім раёне на выбарах* чальцы камісіі паказваюць пальцам у бюлетэні, за каго галасаваць
"Берасцейская Вясна" атрымала дадзеныя ад адной крыніцы, што на пэўным выбарчым участку ў Івацэвіцкім раёне (праваабаронцам вядомы нумар выбарчага ўчастка, але для бяспекі крыніцы яго не называюць) чальцы камісіі пільнуюць выбаршчыкаў ля кабінак для галасавання.
Але чальцы камісіі не проста сочаць, каб выбаршчыкі не фатагравалі і не выносілі бюлетэні з ўчасткаў. Па сцвярджэннях крыніцы, ў некаторых выпадках чальцы камісіі падказваюць пальцам, дзе трэба ставіць галачку ў бюлетэнях (за Лукашэнку). Відавочна, што гэта з'яўляецца грубым парушэннем выбарчага заканадаўства.
Для прыхільнікаў улады закон не працуе?
Праўладныя акаўнты ў TikTok дзеляцца фотаздымкамі таго, як на выбарах* галасуюць за Лукашэнку.
Нагадаем, ЦВК пагражае беларусам штрафамі за фота ці відэа выбарчага бюлетэня — праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі справаздачылася, што некалькі чалавек спрабавалі зрабіць фотаздымак, але ім не дазволілі. У адным з выпадкаў нават былі выкліканыя сілавікі. Таксама забаронена выносіць бюлетэнь з участку.
У Беларусі глушаць інтэрнэт
Пра праблемы паведамляюць чытачы "Белсат". Таксама ўлады абмежавалі на тры дні доступ з-за мяжы да некаторых сайтаў. патлумачылі гэта пагрозай "для аб'ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаннем".
Нагадваем, праваабаронцы падрыхтавалі парады, як дзейнічаць у выпадку блакавання інтэрнэту.
Праезд у грамадскім транспарце будзе бясплатны
Баранавіцкая раёнка паведамляе, што ўжо традыцыйна ў асноўны дзень галасавання праезд у грамадскім транспарце ў Беларусі будзе бясплатны.
Нібыта ўжо 52 беларусаў прыехалі з-за мяжы, каб прагаласаваць на выбарах*
Пра гэта паведамляе ЦВК. У трэці дзень галасавання такіх людзей было нібыта 15. Раней паведамлялася, што за межамі Беларусі не плануецца ствараць выбарчыя ўчасткі. Беларусам замежжа прапаноўваюць прыняць удзел у галасаванні на выбарах*, прыехаўшы ў Беларусь — для іх створаны шэсць выбарчых участкаў. Нагадаем, раней юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" патлумачылі, што пазбаўляць права голасу значную частку грамадства — гэта дыскрымінацыя.
![]()
"Гэта дыскрымінацыя": ЦВК прапануе беларусам замежжа прагаласаваць унутры краіны
Стварэнне ілюзіі легітымнасці працэсу праз сустрэчы з назіральнікамі ШАС і СНД
У апошні дзень датэрміновага галасавання старшыня ЦВК Ігар Карпенка справаздачыўся, што ў кампаніі ўдзельнічаюць 486 міжнародных назіральнікаў, большасць з якіх — прадстаўнікі СНД. Акрамя таго, па даных ЦВК, на выбары* акрэдытаваныя больш за 800 журналістаў, больш за 300 з якіх — замежныя.
Таксама СМІ публікуюць справаздачы пра сустрэчы чыноўнікаў з прадстаўнікамі замежных краін: напрыклад, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ці Турцыі.
Як і ў першыя дні датэрміновага галасавання, прапагандысцкія СМІ масава апісваюць наведванне выбарчых участкаў "міжнароднымі назіральнікамі". Нагадаем, што прадстаўнікі АБСЕ не назіраюць за выбарамі праз несвоечасовасць запрашэння беларускім бокам, запрошаныя толькі прадстаўнікі цэнтральных выбарчых камісій краін СНД, Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў і місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Раней праваабаронцы адзначалі, што такія назіральніцкія місіі нельга назваць незалежнымі ці аб’ектыўнымі.
Справаздачы пра галасаванне грамадства
Таксама ўжо традыцыйна рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ масава публікуюць здымкі людзей, якія прымаюць удзел у галасаванні. Віцебская раёнка, напрыклад, публікуе здымак шматдзетных сем'яў супрацоўнікаў лясгасу, якія прыйшлі на ўчастак з дзецьмі. Прапагандысты любяць падкрэсліваць гэтую "сямейнасць" і публікаваць фота "цэлых сямей", што прыходзяць галасаваць з непаўнагадовымі дзецьмі, якія часцей не могуць прымаць удзел у выбарах. Звычайна такія здымкі суправаджаюцца каментарамі людзей, якія адзначаюць, як добра ім жывецца ў "моцнай і квітнеючай Беларусі".
Сярод тых, чые галасаванне адзначаюць з асаблівай увагай, — моладзь, сталыя людзі, чыноўнікі, мясцовыя знакамітасці і нібыта "лідары меркавання".
Так, фотаздымак з участка апублікавала прапагандыстка Людміла Гладкая, а галасаванне блогера koko_by нават знялі на відэа.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"