Камітэт па замежных справах парламента Эстоніі: Фарс, зладжаны дыктатарам Беларусі, — гэта не выбары
Камітэт па замежных справах парламента Эстоніі (Рыйгікогу) не прызнае прэзідэнцкія выбары, якія пройдуць у нядзелю ў Беларусі "пад жорсткім кантролем рэжыму Лукашэнкі", гаворыцца ў заяве парламенцкай структуры. Дакумент быў прыняты 24 студзеня на фоне сустрэчы з прадстаўнікамі амбасады Эстоніі ў Літве, на якой абмяркоўваліся падзеі ў Беларусі.
"Аляксандр Лукашэнка, які кіруе Беларуссю пры падтрымцы расійскага рэжыму на працягу апошніх 30 гадоў, арганізуе 26 студзеня чарговы выбарчы фарс у спробе падфарбаваць свой дыктатарскі рэжым фальшывай маскай дэмакратыі, душачы пры гэтым правы чалавека і грамадзяніна", — адзначае камітэт Рыйгікогу.
Эстонскія парламентарыі заклікалі "арганізаваць свабодныя і дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пры першай жа магчымасці пад назіраннем Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і іншых міжнародных арганізацый".
Профільны камітэт Рыйгікогу таксама заклікаў міжнародную супольнасць "зладзіць ціск на беларускі рэжым з мэтай спынення рэпрэсій і вызвалення людзей, якія апынуліся ў няволі за выказванне сваіх поглядаў".
Паводле Камітэт па замежных справах парламента Эстоніі, ён падтрымлівае заявы Еўрапарламента, АБСЕ, шэрагу нацыянальных парламентаў і ўрадаў краін — членаў Еўрасаюза, якія асуджаюць арганізацыю фіктыўных выбараў у атмасферы рэпрэсій і запалохвання і ў парушэнне ўсіх міжнародных прававых норм.
Парламенцкая структура таксама выказала падтрымку беларускаму народу "ў яго барацьбе за свабодную, дэмакратычную і годную будучыню" і заклікала працягнуць “актыўную міжнародную супрацу на ўсіх узроўнях для падтрымкі дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і свабоднай прэсы ў Беларусі”.