"Фікцыя". Як рэагуе міжнародная дэмакратычная супольнасць на выбары* ў Беларусі?
Сёмыя прэзідэнцкія выбары* ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Яны праходзяць у атмасферы страху, прыгнёту і рэпрэсій. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам. Сёлета, як і на папярэдніх выбарчых кампанія, не прысутнічаюць міжнародныя назіральнікі, але міжнародная дэмакратычная супольнасць актыўна выказваецца наконт выбараў* у Беларусі. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, што пішуць еўрапейскія палітыкі і інстытуцыі.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа: "Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, нельга назваць выбарамі"
"Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выкарыстоўвае атрыбуты дэмакратыі, каб застацца ва ўладзе. Але ён не з'яўляецца – і пасля сённяшніх падзей не будзе - легітымным прэзідэнтам Беларусі", — напісаў у нядзелю ў сацыяльнай сетцы Х прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
На думку прэзідэнта Літвы, беларусы маюць права жыць свабодна.
"Яны заслугоўваюць таго, каб абіраць сабе лідараў на свабодных і справядлівых выбарах. Быць свабоднымі ад масавага пераследу і запалохвання. Жыць у краіне, якая не падпарадкоўваецца Расеі палітычна, эканамічна і ў вайсковых адносінах".
Прэм'ер-міністр Гінтаўтас Палуцкас таксама заяўляе, што выбары ў Беларусі не маюць нічога агульнага з дэмакратыяй.
"Мы працягнем гучна казаць пра рэпрэсіі дзейнага рэжыму і яго ўцягнутасці ў вайну Расеі супраць Украіны", — падкрэсліў прэм'ер у сацыяльнай сетцы X.
Сейм Латвіі не прызнае беларускія выбары*
26 студзеня Сейм Латвіі прыняў заяву аб абароне інтарэсаў народа Беларусі і асуджэнні кансалідацыі ўлады рэжымам Лукашэнкі.
"Прызначаныя на 26.01.25 так званыя прэзідэнцкія выбары нельга лічыць свабоднымі, справядлівымі і легітымнымі", — заявілі ў Сейме Латвіі.
МЗС Літвы: Лукашэнка не легітымны лідэр, ён не стане ім і пасля нядзельнага «мерапрыемства»
«Тое, што адбываецца 26 студзеня ў Беларусі, гэта не выбары», — сказаў кіраўнік літоўскага МЗСа Кястуціс Будрыс.
Ён падкрэслівае, што Літва салідарная з народам Беларусі, які імкнецца да свабоднай і суверэннай Беларусі, піша LTR.
Шэф літоўскай дыпламатыі прызнае, што з-за рэпрэсій з боку рэжыму пасля сённяшняга «мерапрыемства» ў Беларусі, верагодна, ужо не будзе масавых пратэстаў.
«Жорсткія рэпрэсіі абмяжоўваюць магчымасці беларускага народа ўдзельнічаць у выбарах і арганізоўваць акцыі пратэсту», — падкрэслівае Будрыс.
Кіраўнік МЗС Польшчы іранічна выказаўся пра інтрыгу беларускіх выбараў
"Сёння ў Беларусі “выбары”. Чаканне таго, хто будзе абвешчаны пераможцам, невыноснае", — напісаў Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў Х.
На гэта адрэагавала беларуская амбасада ў Варшаве:
"Вынікі выбараў прэзідэнта будуць абвешчаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй на працягу 10 дзён пасля выбараў — не пазней за 5 лютага 2025 года. Крыху цярпення…"
Еўрапейскі саюз, дзе ў першай палове 2025 года старшынюе Польшча, заявіў аб непрызнанні цяперашніх выбараў у Беларусі.
Кіраўніца Еўрапарламента: Заўтрашнія выбары ў Беларусі — фікцыя
Фікцыяй назвала прызначаныя на 26 студзеня прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прэзідэнт Еўрапейскага парламента (ЕП) Раберта Метсола.
“Маё пасланне народу Беларусі: трымайцеся, мы вас падтрымліваем, час дыктатуры скончыцца. Дэмакратыя пераможа”, — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
![]()
Камітэт па замежных справах парламента Эстоніі: Фарс, зладжаны дыктатарам Беларусі, — гэта не выбары
Камітэт па замежных справах парламента Эстоніі (Рыйгікогу) не прызнае прэзідэнцкія выбары.
"Не даюць легітымнасці рэжыму". Дэпутат нямецкага Бундэстагу Робін Вагенер выказаўся пра выбары* ў Беларусі
Сваю заявы наконт гэтай падзеі ён апублікаваў на сваёй старонцы ў Х.
"26 студзеня 2025 года Аляксандр Лукашэнка правядзе ў Беларусі псеўдавыбары прэзідэнта – без рэальных апанентаў, без незалежнага назірання за выбарамі, без допуску выбаршчыкаў з-за мяжы. Гэта не выбары, якія заслугоўваюць гэтай назвы, гэта завецца дыктатурай. Псеўдавыбары не даюць ніякай легітымнасці рэжыму Лукашэнкі.
У Беларусі па-ранейшаму больш за 1200 палітвязняў. Людзей па-ранейшаму затрымліваюць за ўдзел у пратэстах за сумленныя выбары ў 2020 годзе альбо за абарону правоў чалавека. Многія палітвязні загінулі праз нечалавечыя умовы зняволення.
Мы працягнем выступаць на баку беларускага дэмакратычнага руху і аказваць пасільную падтрымку дэмакратычным сілам у выгнанні".