Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У ПВТ выбудоўваліся чэргі, каб пакінуць подпіс за Лукашэнку? Праваабаронца распавядае, пра што гэта сведчыць

Збор подпісаў за Лукашэнку 13 лістапада на тэрыторыі ПВТ
Збор подпісаў за Лукашэнку 13 лістапада на тэрыторыі ПВТ

З сёмага лістапада па шостае снежня ў Беларусі збіраюць подпісы за "вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты". У дзяржаўных СМІ з’яўляюцца рэпартажы аб выбарчых пікетах, але часцей за ўсё асвятляюцца зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. 13 лістапада дзяржаўнае інфармацыйнае агенства "БЕЛТА" апублікавала рэпартаж з выбарчага пікета на тэрыторыі Парка высокіх тэхналогій у Мінску. Нагадаем, што менавіта айцішнікі Беларусі ў 2020-м годзе актыўна падтрымалі пратэст супраць Лукашэнкі. Цяпер жа на фотаздымках паказалі, як днём праграмісты і праграмісткі выбудоўваюцца ў чэргі каля намётам з лозунгам "НАДО!", каб пакінуць подпіс у падтрымку Лукашэнкі. Праваабаронца Алег Мацкевіч пракаментаваў сітуацыю.

"Нават з гэтага скупога на падрабязнасці афіцыйнага рэпартажу аб зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі на тэрыторыі Парка высокіх тэхналогій у Мінску можна зрабіць пэўныя высновы. 

Збор подпісаў за Лукашэнку 13 лістапада на тэрыторыі ПВТ
Збор подпісаў за Лукашэнку 13 лістапада на тэрыторыі ПВТ

Вярхі па-ранейшаму не грэбуюць выкарыстоўваць на поўную моц адміністратыўны рэсурс. Пад гэтым маецца на ўвазе ўжыванне ў выбарчым працэсе наяўнага матэрыяльнага і чалавечага патэнцыялу пры дапамозе дзяржаўных інстытуцый і ўплыву на карысць кандыдатаў ад улады. Фармальна ў дзеючым выбарчым заканадаўстве Беларусі не існуе нормаў, якія б наўпрост забаранялі гэтую прыкрую з’яву. Але з пункту гледжання празрыстасці выбарчага працэсу, раўнапраўя ўсіх яго ўдзельнікаў выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу падрывае прынцыпы справядлівых і чэсных выбараў і давер да іх вынікаў.

Збор подпісаў за Лукашэнку 13 лістапада на тэрыторыі ПВТ
Збор подпісаў за Лукашэнку 13 лістапада на тэрыторыі ПВТ

Парк высокіх тэхналогій, у якім адбыўся вельмі грунтоўна падрыхтаваны, як бачна па фотаздымках, збор подпісаў, з’яўляецца па сутнасці, дзяржаўным прадпрыемствам. Гэта азначае, што падобныя мерапрыемствы праводзяцца не толькі са згоды, але і з актыўнай падтрымкай кіраўніцтва ўстановы, якое стварае больш спрыяльныя ўмовы для Лукашэнкі. Да таго ж, выкарыстанне пляцовак, якія не прызначаны для такога роду мерапрыемстваў, падкрэслівае нявызначанасць паміж дзяржаўнымі інтарэсамі, бізнесам і палітычнымі патрэбамі ўлады. Гэта вядзе да глыбейшага ўкаранення палітычных інтарэсаў у бізнес-асяроддзе і стварае прэцэдэнт, калі яно павінна прыстасоўвацца да палітычнай кан’юнктуры, нясучы ў тым ліку іміджавыя страты. Гэта можа прывесці да зніжэння даверу з боку партнёраў і інвестараў ПВТ".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"