"Магчымасць палітычных апанентаў Лукашэнкі ўдзельнічаць практычна выключаная": зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы на выбарах*
Цэнтрвыбаркам Беларусі чацвёртага лістапада 2024 году закончыў рэгістраваць ініцыятыўныя групы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Такім чынам, зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка, Вольгі Чамаданавай, Ганны Канапацкай, Сяргея Бобрыкава, Сяргея Сыранкова, Аляксандра Лукашэнкі.
Наступны этап — збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў. Ён пачнецца 7 лістапада і скончыцца 6 снежня. Зарэгістраваным ініцыятыўным групам трэба сабраць не менш за 100 000 подпісаў, каб іх кандыдат быў зарэгістраваны. З 22 па 31 снежня ўключна ЦВК мае магчымасць рэгістраваць кандыдатаў або адмаўляць ім у рэгістрацыі.
"Правядзенне свабоднай і адкрытай выбарчай кампаніі немагчымае ў сітуацыі палітычнага тэрору: спіс палітычных зняволеных штотыдзень папаўняецца і ў ім стабільна больш за 1300 чалавек. Інфармацыйная прастора цалкам зачышчаная. "Дзяржаўная ідэалогія" абслугоўвае культ аўтарытарнага кіравання А. Лукашэнкі. У публічным полі няма прызнання важнасці палітычнага плюралізму. У такіх умовах ужо можна канстатаваць немагчымасць для грамадзян рэалізаваць свае выбарчыя правы свабодна", — вытрымка з першай справаздачы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Чатыром людзям адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Прадпрымальніца Дзіяна Кавалёва набрала толькі 85 чалавек са ста неабходных, даныя астатніх прызналі недакладнымі. Таксама адмовілі Віктару Куляшу: ён падаў толькі заяву без спісу сябраў ініцыятыўнай групы. Яшчэ раней ЦВК адмовіў у рэгістрацыі дзвюх груп: старшыні Руху «За Свабоду» і эксперта па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрыя Губарэвіча, бо ён падаў дакументы па электроннай пошце, і Аляксандра Драздова — праз адсутнасць спісу членаў ініцыятыўнай групы.
Алег Гайдукевіч — дэпутат і старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Аляксандр Хіжняк — дырэктар навукова-праектнага прадпрыемства "Белнііпградабудаўніцтва", старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Вольга Чамаданава — былая прэс-сакратарка МУС, цяпер — начальніца галоўнага кіравання ідэалагічнай работы па справах моладзі Мінгарвыканкама, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі "Беларускі саюз жанчын", Ганна Канапацкая — індывідуальная прадпрымальніца, экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе. Сяргей Бобрыкаў — старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў (БСА), сябра партыі "Белая Русь". Сяргей Сыранкоў — першы сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі.
Юрыстка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Святлана Галаўнёва:
"Усе зарэгістраваныя кандыдаты, акрамя самаго Лукашэнкі, ужо на дадзеным этапе з’яўляюцца відавочнымі кандыдатамі-спойлерамі. Хаця нават спойлерамі іх можна назваць з нацяжкай, бо звычайна роля спойлер-аджэнды — адцягнуць увагу ад маючых шанцы на перамогу кандыдатаў с падобнай аджэндай. У нашым выпадку зразумела, што шанцы на перамогу ёсць толькі ў аднаго кандыдата. І нажаль, ягоны профіль — гэта санкцыі, саўдзел у ваеннай агрэсіі і абвінавачанні ў міжнародных злачынствах супраць чалавечнасці. Ганна Канапацкая была тым самым кандыдатам-спойлерам на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, потым уключылася ў праўладную аджэнду, удзельнічала ва Усебеларускім Народным Сходзе. Астатнія кандыдаты таксама актыўна ўключаны ў праўладную павестку: частка з іх гэтым і вядомыя, а частка ўвогуле раней не з’яўлялася публічна. Выглядае так, што адзіная роля астатніх зарэгістраваных кандыдатаў – фармальна дэманстраваць наяўнасць альтэрнатывы на выбарах*2025, але не засланяць асноўнага кандыдата і нават не ствараць ілюзіі канкурэнцыі.
Пры гэтым вялікая доля сапраўдных лідараў грамадзянскай супольнасці і магчымыя кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў дэмакратычных умовах правядзення выбараў – за кратамі альбо ў вымушанай эміграцыі".
Нагадаем, сярод 1300 палітвязняў, што знаходзяцца цяпер у зняволенні, — экс-прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка (асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі), Сяргей Ціханоўскі (асуджаны на 19 гадоў і 6 месяцаў) і шэраг чальцоў іх штабоў. У тым ліку гэта Марыя Калеснікава (асуджаная на 11 гадоў), якая ўтрымліваецца ў рэжыме інкамунікада больш за год, што раўназначна гвалтоўнаму знікненню. Экс-кандыдат Андрэй Дзмітрыеў таксама сутыкнуўся з крымінальным пераследам і быў пазбаўлены волі на 1 год і 6 месяцаў. Святлана Ціханоўская і Валерый Цапкала, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, завочна асуджаныя да 15 і 17 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Вераніка Цапкала таксама завочна асуджаная да 12 гадоў пазбаўлення волі. З 2020 г. актыўна вядзецца пераслед як апазіцыйных палітыкаў: у прыватнасці, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Рыгора Кастусёва, так і шырокага кола іншадумцаў і тых, каго дзяржава адносіць да іх.
Сітуацыя перад выбарамі*2025
Першая справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Такім чынам, магчымасць палітычных апанентаў А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў прадэмакратычных сілаў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах*2025 практычна выключаная. Сістэматычны пераслед незалежных кандыдатаў, крымінальныя справы і вымушаная эміграцыя ключавых фігур прадэмакратычных сілаў сведчаць пра тое, што ўдзел у выбарах для іх альбо немагчымы, альбо спалучаны з сур'ёзнымі рызыкамі. На гэтым фоне ўсе магчымыя кандыдаты акрамя кандыдатуры А. Лукашэнкі ўспрымаюцца як падкантрольныя ўладам, чыя роля – фармальна дэманстраваць наяўнасць альтэрнатывы на выбарах*2025, але не рэальна змагацца за ўладу.