Выбары ў Беларусі: гісторыя ціску, рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека
Выбары ў Беларусі традыцыйна звязаныя з рэпрэсіямі, ціскам на людзей і парушэннямі правоў чалавека. Найбольш заўважна гэта стала ў 2020 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў, аднак падобныя практыкі выкарыстоўваліся цягам усіх 30 гадоў, якія Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе. Таму сёння, у 14-ю гадавіну выбараў* у 2010 годзе, якія запомніліся тымі самымі пратэстамі на Плошчы, напярэдадні новых выбараў* мы ўзгадваем рэпрэсійны шлях, які ідзе праз усе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
У 2025 годзе выбары* прэзідэнта ў Беларусі адбудуцца ў сёмы раз: да гэтага галасаванні праводзіліся ў 1994, 2001, 2006, 2010, 2015 і 2020 годах. 70-гадовы Аляксандр Лукашэнка кіруе дзяржавай 30 гадоў. Ніводныя прэзідэнцкія выбары, апроч першых, не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
Выбары 1994 году
Гэта былі першыя ў незалежнай гісторыі нашай краіны выбары прэзідэнта. У другім туры з вынікам 80,34% перамог Лукашэнка. Пасля гэтага ў 1996 годзе ён правёў рэферэндум, які ў тым ліку пашырыў прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Гэты рэфэрэндум і ўсе наступныя выбары прэзідэнта Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю.
У 1995 годзе была заведзеная першая крымінальная справа за ўдзел у масавым мерапрыемстве.
У 1999 годзе, паводле старой Канстытуцыі ўзору 1994 году, дэпутаты Вярхоўнага савету правялі новыя выбары, якія называлі больш “палітычнай кампаніяй”, мэтай якой было распавесці як мага большай колькасці людзей, што паўнамоцтвы Лукашэнкі скончаныя. Аднак ніхто з кандыдатаў не набраў больш за 50% галасоў: у выніку выбары не былі прызнаныя, а пасля іх адбыліся знікненні апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і аператара Дзмітрыя Завадскага.
Паводле адной з найбольш верагодных версіяў, яны маглі стацца ахвярамі так званых эскадронаў смерці, што праводзілі рэпрэсіі супраць апазіцыі на загад уладаў. У 2004 годзе адмысловы спавяшчальнік ПАРЕ Хрыстас Пургурыдыс, які расследаваў гэтую справу, прыйшоў да высновы, што Ганчара, Красоўскага і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку (знік у траўні 1999 года) выкраў спецатрад сілавікоў, якім камандаваў Дзмітрый Паўлічэнка, і што ўсё гэта адбывалася з ведама кіраўніцтва краіны.
Гары Паганяйла: «Справы аб знікненні беларускіх палітыкаў раскрыты на юрыдычным узроўні...»
Пяць аргументаў для Канстытуцыйнага суда па "гвалтоўных знікненнях"
Выбары* 2001 году
Падчас выбараў* 2001 году Лукашэнка "набраў" 75,6% галасоў. Ягонымі супернікамі былі больш за 20 кандыдатаў. Аднак яшчэ перад выбарамі ў апазіцыйных кандыдатаў, грамадскіх аб’яднаннях і прыватных кватэрах людзей праводзілі вобшукі, канфіскоўвалі тэхніку і агітацыйную і друкаваную прадукцыю, людзей звальнялі з працы і выключалі з ВНУ за ўдзел у выбарчай кампаніі, разганяліся акцыі і сустрэчы з выбаршчыкамі апазіцыйных кандыдатаў. Да і пасля выбараў у краіне адбываліся акцыі пратэсту. КДБ ладзіў “размовы” з прадстаўнікамі выбарчай кампаніі, ціснуў на людзей і вербаваў іх.
Валянцін Стэфановіч: Шэсць прычын, па якіх немагчыма правесці дэмакратычныя, свабодныя і празрыстыя выбары ў Беларусі
Упершыню падчас выбарчай кампаніі быў ужыты сілавы фактар: унутраныя войскі з'явіліся на менскіх вуліцах, незалежныя СМІ блакаваліся, актывісты — арыштоўваліся.
Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў* некалькі тысяч людзей выйшлі на плошчу, але хутка разыйшліся. Ноччу каля 200 маладых людзей занялі Дом прафсаюзаў, абвясціўшы яго "апірышчам дэмакратыі", аднак раніцай яны сыйшлі. Праз некалькі тыдняў пасля гэтага "Малады фронт" пачаў абарону Курапатаў.
Менавіта пасля гэтых выбараў* адбыўся рэферэндум, які зняў абмежаванне ў колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў.
Выбары* 2006 году
На гэтых выбарах* Лукашэнка "набраў" 82,7% галасоў. Кампанія па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў праходзіла ў атмасферы нагнятаньня страху і няспынных рэпрэсіяў з боку ўладаў у адносінах да беларускага грамадcтва, грамадcкіх і палітычных актывістаў. На актывістаў штабоў дэмакратычных кандыдатаў аказваўся беспрэцэндэнты ўціск. Выбары* адбываліся на фоне масавых рэпрэсіяў грамадскіх і палітычных актывістаў, адсутнасці аб'ектыўнай інфармацыі, а таксама культывавання ў грамадстве атмасферы страху.
Пасля іх 19-25 сакавіка ў Менску адбыўся шэраг акцый пратэсту, які стаў вядомы як Джынсавая, ці Валошкавая рэвалюцыя. Альбо папросту — Плошча-2006. Удзельнікі патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых выбараў. На мітынгу 19 сакавіка па розных ацэнках прысутнічала ад дзевяці да 30 тысяч чалавек.
Пратэстоўцы разбілі на Кастрычніцкай плошчы намётавы лагер, з усяго гораду людзі неслі палаткі, цёплыя рэчы, гарбату і каву — пасля міліцыя перастала прапускаць на Плошчу людзей з вялікімі торбамі. Намётавы гарадок разагналі за 15 хвілін у ноч з 23 на 24 сакавіка. На той момант там было 35 палатак і каля 500 чалавек. Больш за сто чалавек былі затрыманыя толькі за дастаўку прадуктаў на Плошчу. З 14 да 27 сакавіка было затрымана каля 40 журналістаў.
25 сакавіка акцыі працягнуліся. Калі калона пратэстоўцаў рушыла да Акрэсціна, міліцыя выкарыстала для іх разгону дубінкі, светлашумавыя гранаты, гумавыя кулі і слезацечны газ. Арыштоўвалі актывістаў па ўсёй краіне.
ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ "ВЯСНА"
У выніку акцыя была разагнаная, удзельнікі акцыі — арыштаваныя. Каля 400 студэнтаў-удзельнікаў акцый адлічылі з навучальны устаноў.
Выбары* 2010 году
19 снежня 2010 году адбыліся чацвёртыя выбары* прэзідэнта Беларусі. Лукашэнка "набраў" 79,65% галасоў. Пасля абвяшчэння вынікаў у Менску адбылася пратэсная акцыя, якую жорстка разагнала міліцыя і часткі ўнутраных войскаў. У народзе гэтая акцыя стала вядомая як Плошча-2010, паводле розных ацэнак у ёй прымала ўдзел ад 10 да 25 тысяч чалавек.
Яны сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, адкуль пайшлі на Плошчу Незалежнасці, дзе патрабавалі правесці паўторныя выбары — апазіцыя хацела перамоваў. На плошчы Незалежнасці правакатары распачалі біць вокны Дома ўраду, што і стала падставай для разгону і арышту больш за 600 чалавек. У наступныя пасля дэманстрацыі дні адбылося яшчэ некалькі меньш масавых акцый пратэсту, якія таксама былі разагнаныя.
Заява Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека адносна разгону мірнай дэманстрацыі і нападу на офіс сябра FIDH ў Беларусі ПЦ "Вясна"
Арыштавалі ў тым ліку сямёх кандыдатаў ў прэзідэнты, а таксама Алег Гулак, на той момант — старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта і каардынатар кампаніі назірання за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Дзесяткі еўрапейскіх арганізацый асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі
Арганізацыі Сеткі Дамоў правоў чалавека 20 снежня прынялі адкрыты зварот да прэзідэнта Беларусі.
Заява пратэсту Асамблеі НДА Беларусі з нагоды падзеяў 19-20 сьнежня ў Беларусі
Затрыманыя не мелі доступу да адвакатаў, пра іх стан здароўя нічога не паведамлялася. Вядома, што пратэстоўцаў моцна збівалі. Тады супраць 49 людзей завялі крымінальныя справы за “масавыя беспарадкі”. Палітычныя тэрміны атрымалі экс-кандыдаты Андрэй Саннікаў, Дзмітрый Ус, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі.
Пасля выбараў* праходзілі вобшукі ў журналістаў, апазіцыянераў, актывістаў. 20 снежня 2010 года 15 чалавек з Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) правялі ператрус у офісе Праваабарончага Цэнтра "Вясна". Актывісты “Вясны” знаходзіліся ў офісе дзеля аналізу даных, сабраных за дзень да гэтага 600 назіральнікамі за выбарамі па ўсёй краіне ў межах кампаніі назірання "Праваабаронцы за свабодныя выбары", які ажыццяўляўся сумесна “Вясной” і Беларускім Хельсінкскім камітэтам (БХК). Дзесяць актывістаў “Вясны” былі дастаўленыя ў аддзяленне міліцыі Першамайскага раёна. Усе кампутары ПЦ “Вясна” і дакументацыя былі канфіскаваныя міліцыяй. Супрацоўнікі былі вызваленыя неўзабаве пасля 6-й раніцы.
Бяляцкі: “Гэта паказвае нізасьць улады”
Мы папрасілі пракамэнтаваць лідэра арганізацыі Алеся Бяляцкага.
Выбары 2015 году
Яны прайшлі ў кастрычніку 2015 году, падчас якіх Лукашэнка "набраў" 87,22% галасоў. Назіральнікі паведамлялі, што людзей не дапускалі на ўчасткі, немагчыма было сачыць, як апячатваюцца ўрны, выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс, датэрміновае галасаванне мела “добраахвотна-прымусовы” характар.
Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства 11 кастрычніка ў Менску
Сход і дэманстрацыя 11 кастрычніка 2015 года ў Менску насіла мірны характар.
Пасля выбараў* пачалася акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, адкуль людзі зноў, як і ў 2010 годзе, пайшлі на Плошчу Незалежнасці. Міліцыя пусціла іх толькі да Чырвонага касцёлу, дзе пратэстоўцы сталі чытаць малітвы і спяваць “Магутны Божа”. Праз некалькі гадзін удзельнікі разыйшліся — паводле падлікаў, у акцыі ўзялі ўдзел каля 100-200 чалавек.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведамляў, што выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення выбараў. Гэта было абумоўлена адсутнасцю роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурса на карысць дзеючага Прэзідэнта, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.
Блог Валянціна Стэфановіча: Выбары скончыліся. А што далей?
Выбары* 2020 году
Шостыя выбары* прэзідэнта Беларусі былі адзначаныя самымі масавымі палітычнымі рэпрэсіямі, якія ідуць у краіне ўжо пяты год і не сканчаюцца напярэдадні сёмых выбараў. Маюцца бясспрэчныя фальсіфікацыі гэтых выбараў, у адказ на мірныя дэманстрацыі сілавікі масава парушалі і парушаюць правы чалавека, у тым ліку — катаванні.
Аналітычная справаздача па выніках назірання за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Акцыі пратэсту пачаліся ў ноч з 9 на 10 жніўня і набылі агульнанацыянальныя масштабы. Пратэсты перарваліся толькі ў сакавіку 2021 году, кароткія дэманстрацыі адбыліся таксама ў лютым 2022 году. Супраць пратэстоўцаў ужываўся гвалт, пасля пратэстаў ёсць забітыя і пацярпелыя людзі. Супраць удзельнікаў пратэстаў працягваюць заводзіць крымінальныя справы ўсе чатыры гады — парушэнні правоў чалавека не спыняюцца і цяпер.
Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед
Юрысты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”:
"Падчас выбараў у Беларусі заўсёды парушаюцца правы чалавека. І гэта не толькі парушэнне права на свабоду мірных сходаў і выказванне меркаванняў, калі людзей затрымліваюць на дэманстрацыях і прыцягваюць да адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Але і парушэнне такіх правоў, як права на жыццё – успомнім выпадкі знікнення вядомых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і аператара Дзмітрыя Завадскага, свабода ад катаванняў, свабода і асабістая недатыкальнасць, свабода інфармацыі і іншыя правы.
На дзяржаву ўскладзены абавязак ствараць у перыяд выбараў такую атмасферу, дзе адсутнічаюць запалохванне і страх быць падвергнутым гвалту. Аднак у перыяд выбарчай кампаніі зусім іншыя адчуванні, бо дзяржава дзейнічае наадварот. У чалавека няма гарантый, што яго правы будуць выконвацца.
19 снежня 2010 года, у дзень выбараў прэзідэнта, супрацоўнікі міліцыі прымянілі празмерныя меры да экс-кандыдатаў у прэзідэнты і дэманстрантам. Затрыманы больш за 600 чалавек, з якіх сем — экс-кандыдаты ў прэзідэнты. Некаторых экс-кандыдатаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў былі жорстка збітыя. Акрамя таго, непрапарцыйная сіла ўжывалася і да іншых затрыманых.
АБСЕ і Праваабаронцы за свабодныя выбары не прызналі вынікі выбараў і зафіксавалі вялікую колькасць парушэнняў падчас выбарчага працэсу.
Камітэт па правах чалавека прызнаў парушэнне правоў Уладзіміра Някляева (CCPR/C/126/D/2383/2014) і Андрэя Саннікава (CCPR/C/122/D/2212 / 2012) на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду ад катаванняў і жорсткага абыходжання, свабоду мірных сходаў і іншыя.
У перадвыбарчы перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сітуацыя з правамі чалавека пагоршылася. АБСЕ рэкамендаваў Беларусі адмяніць вынікі ў сувязі з парушэннямі на ўсіх стадыях працэсу.
Падчас збору подпісаў, 29 траўня 2020 года, жорстка затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіцца ў зняволенні па гэты дзень. 18 чэрвеня 2020 года затрыманыя Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард. Працоўная група па адвольных затрыманнях прызнала затрыманні Бабарыкі і Ціханоўскага адвольным.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года да ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў ужываліся катаванні. Падчас разгону мітынгаў парушана права на жыццё некалькіх дэманстрантаў. У месцах пазбаўлення волі памерлі некалькі палітычных зняволеных. Затрыманыя тысячы чалавек. Праз чатыры гады пасля выбараў працягваюцца затрыманні і прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўдзельнікаў пратэстаў.
Сітуацыя перад выбарамі*2025. Першая справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"