Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выбары*2025. Аналітычная cправаздача аб утварэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій

Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2025 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніцаў і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.

ВЫСНОВЫ

Агульныя ўмовы і рэальная працэдура фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК), што з'яўляюцца важным механізмам выбарчага працэсу, дэманструюць дзяржаўны дырыжызм усіх выбарчых працэсаў пры імітацыі актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці, што дае поўны кантроль дзеючай выканаўчай уладзе над сфармаванымі камісіямі.

Фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій адбываецца ва ўмовах, калі сярод двух ключавых актараў грамадзянскай супольнасці — палітычных партый ды іншых грамадскіх аб'яднанняў — не засталося арганізацый, якія маглі б праявіць незалежную ініцыятыву. Успадкаваныя з савецкіх часоў "працоўныя калектывы" не з'яўляюцца палітычнымі суб'ектамі і выбарчыя працэсы ад іх імя арганізуюцца адміністрацыйнымі метадамі. Грамадзяне, таксама надзеленыя правам удзелу ў фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій, запалоханыя агульнай атмасферай тэрору; а супраць тых, што былі актыўныя ў мінулыя выбарчыя цыклы, ужываюцца прэвентыўныя рэпрэсіі.

Магчымасці грамадскага кантролю, незалежнага назірання за працэсам фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій не проста зведзеныя да нуля, але з'яўляюцца дзейнасцю, якая пераследуецца.

На карысць адміністрацыйна-каманднага кіравання ўсім працэсам сведчыць і агульная спешка: 1,725 чалавек нібыта былі вылучаныя партыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, працоўнымі калектывамі і грамадзянамі ўсяго за 1 тыдзень у колькасці, неабходнай для фармавання фактычна ўсіх камісій у максімальным складзе.

Пры гэтым інфармаванне грамадзян аб магчымасці вылучэння, як і ў папярэдняй кампаніі 2024 г., было мінімальным, што дазваляе прыйсці да высновы аб незацікаўленасці ўладаў у актыўным удзеле выбаршчыкаў у фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій і перадвызначанасць рашэнняў аб іх складзе.

Публічна даступная толькі мінімальная інфармацыя як аб магчымасцях вылучэння ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, так і аб пасяджэннях органаў, якія ўтвараюць камісіі, а таксама іх выніках: працэс правядзення пасяджэнняў заставаўся непразрыстым і неканкурэнтным. Спісы чальцоў камісій з прозвішчамі па-ранейшаму не публікуюцца.

Ключавым рэсурсам выканаўцаў, што забяспечваюць правядзенне выбараў* на ўзроўні тэрытарыяльных выбарчых камісій (акрамя пакінутых пасля перарэгістрацыі чатырох палітычных партый, што ўсе падтрымліваюць курс дзеючай улады), застаюцца чатыры найбуйнейшыя грамадскія аб'яднанні (БРСМ, "Белая Русь", Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Фонд міру), якія маюць з 2023 г. заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасці да дзяржавы, і прафсаюзы, якія ўваходзяць у ФПБ. Працэнт "праходнасці" кандыдатаў ад гэтых праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія імітуюць грамадзянскую супольнасць ды сумесна фармуюць 63% складаў усіх камісій, імкнецца да 100%.

Такім чынам, улічваючы атмасферу агульнай запалоханасці, адсутнасць эфектыўнага інфармавання ды вельмі сціснутыя тэрміны, можна канстатаваць, што ў актыўных грамадзян фактычна адсутнічала магчымасць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК. Мэта этапу фармавання ТВК была хутчэй супрацьлеглая: правесці яго як мага хутчэй і цішэй.