Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Няма падстаў верыць". За тыдзень у падтрымку Лукашэнкі сабралі подпісаў у сем разоў больш, чым неабходна

Выбарчы пікет Аляксандра Лукашэнкі
Выбарчы пікет Аляксандра Лукашэнкі

Праз тыдзень з пачатку збору для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў яго падтрымку ўжо сабрана больш за 700 тысяч подпісаў. Гэта ў сем разоў больш, чым неабходна. Юрысткі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" каментуюць гэта.

14 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам дзяржаўных медыя падчас наведвання стадыёна "Трактар", што яго ініцыятыўная група сабрала больш за 700 тысяч подпісаў у сваю падтрымку.

У артыкуле 68 Выбарчага кодэкса адзначаецца, што рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прымаецца пры наяўнасці дакументаў, указаных у частках чацвёртай і пятай гэтага артыкула, і пратаколаў абласных, Мінскай гарадской камісій па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія пацвярджаюць наяўнасць не менш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.

Юрысткі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначаюць:

"Працэс збору подпісаў за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты ад грамадзян закліканы паказаць, ці дастаткова людзей падтрымлівае кандыдата, каб ён мог прайсці ў наступны этап выбарчай кампаніі. Але так як Аляксандр Лукашэнка ўласнаручна сказіў сутнасць гэтага спосабу, на сённяшні дзень немагчыма дакладна даведацца, якая частка грамадства яго як палітыка шчыра падтрымлівае.

У нас няма падстаў верыць, што такая велізарная колькасць подпісаў (у сем разоў больш, чым неабходна) была сапраўды сабрана — нельга выключаць маніпуляцыі падчас падліку колькасці подпісаў і прызнання іх дакладнымі. Якая б там не была намаляваная колькасць, подпісы збіраліся шляхам адпрацаванай гадамі практыкі прымусу выбаршчыкаў, з прыцягненнем адміністрацыйнага рэсурсу і метадаў запалохвання. Бо ўлада ў Беларусі па сутнасці сваёй не дасягнутая дэмакратычным шляхам, а грамадзяне не могуць рэалізаваць сваё выбарчае права, Аляксандр Лукашэнка нават не імкнецца прытрымлівацца прынцыпаў законнасці, адкрытасці і празрыстасці ва ўсіх аспектах выбарчых працэсаў.

У дэмакратычнай сістэме з дзейнымі прынцыпамі падзелу ўладаў і вяршэнства права Лукашэнка было б адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты на падставе арт. 61 Выбарчага кодэкса Беларусі. Гэты артыкул вызначае, што "ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў не дапускаюцца. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі або адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь".

Паведаміць пра прымус падчас збору подпісаў можна ў тэлеграме @viasnaSOS і @viasnainfo.

У ПВТ выбудоўваліся чэргі, каб пакінуць подпіс за Лукашэнку? Праваабаронца распавядае, пра што гэта сведчыць

Праваабаронца Алег Мацкевіч пракаментаваў сітуацыю.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"