"Хочуць пабіць паказчыкі 2020 года": як праходзіць збор подпісаў у Барысаве
Збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах* сканачваецца 6 снежня. Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч прааналізаваў гэты этап у Барысаве паводле адкрытыц крыніц.
"У Барысаве гэты этап выбарчай кампаніі нічым не адрозніваецца ад сітуацыі па краіне ў цэлым: пікеты за Аляксандра Лукашэнку і яго спойлераў праходзяць у публічнай прасторы з яўнай перавагай на яго карысць. У той жа час нават ён наўрад ці можа пахваліцца публічнай і шчырай усенароднай падтрымкай", — кажа праваабаронца.
21 лістапада падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Юрый Сянько аб’явіў аб тым, што за два тыдні сабрана звыш аднаго мільёна 581 тысячы подпісаў. Гэта значыць кожны дзень па ўсёй краіне толькі за аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта падпісныя лісты запаўняла амаль 113 тысяч грамадзян. Пры гэтым, ніякай надзвычайнай пікетавай актыўнасці на вуліцах гарадоў не назіралася, адзначае праваабаронца.
Для параўнання: у 2020 годзе, калі ва ўсіх буйных гарадах вакол пікетаў у падтрымку Віктара Бабарыкі стаялі вялізныя чэргі, якія немагчыма было не заўважаць, у Цэнтральную камісію па выбарах было прынята каля 166 тысяч подпісаў за яго.
"У выпадку з Лукашэнкам у 2024 годзе мы маем на парадак большую колькасць падпісантаў і на некалькі парадкаў меншую публічную актыўнасць грамадзян. У чым жа справа?"
Нібы апраўдваючыся падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік яго ініцыятыўнай групы казаў аб тым, што "на вуліцы робіцца халадней". Але справа насамрэч у іншым, адзначае Алег Мацкевіч.
"Тэмпы збору подпісаў за галоўнага фаварыта выбарчай* гонкі паказваюць, што яго падначаленыя хочуць пабіць паказчыкі 2020 года (1 939 572 подпісы), карыстаючыся пры гэтым галоўным чынам тымі самымі рэпрэсіўнымі “выбарчымі” методыкамі, якія былі вынайдзены і адшліфаваны беларускімі ўладамі цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Сам жа працэс збірання галасоў паспяхова засвойваецца імі галоўным чынам ва ўтульных памяшканнях арганізацый, прадпрыемстваў і фірмаў, бо “вуліца” патрабуе іншых арганізацыйных рашэнняў і нашмат большых рэсурсаў".
А пакуль улады робяць усё, каб паказаць “актыўнасць” выбаршчыкаў, накіраваную на падтрымку дзеючага рэжыму. І калі на тэрыторыі арганізацый і прадпрыемстваў стварыць станоўчую карцінку ім яшчэ неяк удаецца, то з “вуліцай” праблемы.
"Адзін-два выбаршчыкі пераважна сталага ўзросту перад панурымі зборшчыкамі подпісаў з крыклівым лагатыпам “Надо!” на грудзях – гэта амаль усё, што здольныя скрэацівіць чыноўнікі", — азнаёміўшыся з апублікаванымі фотаздымкамі прапагандыстаў, заўважае праваабаронца.
Дарэчы, калі параўнаць рашэнні Барысаўскага раённага выканкаму за 2020 і 2024 гады, якія тычацца вызначэння месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, то можна прыйсці да несуцяшальнай высновы, што "ўлада баіцца нават уласнага ценю", кажа Алег Мацкевіч. Нічым іншым значнае павелічэнне колькасці забароненых месцаў – з трох пазіцый у 2020 годзе да 15 у 2024 годзе – патлумачыць нельга.