У Мінску будуць судзіць мужчыну, які нібыта абразіў Лукашэнку падчас збору подпісаў
Праўладныя СМІ паведамляюць, што ў Мінску затрымалі 36-гадовага мужчыну, які нібыта публічна абразіў Лукашэнку падчас збору подпісаў ягонай ініцыятыўнай групай.
Гэта здарылася ўвечары на скрыжаванні вуліц Маякоўскага і Барадзінскай у Мінску. Ініцыятыўная група Лукашэнкі збірала подпісы за вылучэнне яго прэзідэнтам, калі да іх падышоў мужчына, які выпіў, і стаў выказвацца пра Лукашэнку. Сябры ініцыятыўнай групы папрасілі яго сысці, але ён гэтага не зрабіў.
Пасля гэтага да месца "пікетавання", як гэта называюць у праўладных крыніцах, прыехала міліцыя. Мужчыну затрымалі, супраць яго распачалі крымінальную справу паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса.
Таксама паведамляецца, што ў жніўні 2019 года абвінавачаны быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці, мае не знятую і не пагашаную ва ўстаноўленым законам парадку судзімасць.