"Нерэалістычная лічба для Лукашэнкі — адзін з галоўных інструментаў фармавання карцінкі бягучых выбараў"
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 23 снежня зарэгістравала пяць кандыдатаў, якія возьмуць удзел у выбараў прэзідэнта 26 студзеня 2025 году — Аляксандра Лукашэнку, Алега Гайдукевіча, Сяргея Сыранкова, Ганну Канапацкую і Аляксандра Хіжняка. Пры гэтым, ЦВК сцвярджае, што за вылучэнне Лукашэнкі сабралі больш за 2,5 мільёны подпісаў. Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" пракаментавалі гэты паказчык.
"Нерэалістычная лічба для кандыдата Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца адным з галоўных інструментаў фармавання карцінкі бягучых выбараў. Нібыта 100 тысяч чалавек падпісваліся кожны дзень за яго кандыдатуру, але адпаведнай актыўнасці ні ў інтэрнэце, ні на вуліцах краіны заўважана не было. Параўнайце з тым, якая актыўнасць была пры зборы подпісаў камандай Віктара Бабарыкі, які сабраў каля 450 тысяч подпісаў. А тут Лукашэнка нібыта сабраў у пяць разоў болей у атмасферы страху і рэпрэсій, калі ўвогуле складана сказаць, што ў краіне праходзяць выбары.
Выбары ў Беларусі больш не выконваюць сваіх функцый, але выкарыстоўваюцца аўтарытарным урадам у зусім іншых мэтах. Напрыклад, намаляваць пазітыўную карцінку ўсеагульнай падтрымкі і, тым самым, легалізаваць аўтарытарную ўладу.
Варта таксама звяртаць увагу на тое, хто менавіта адказны за маляванне нерэалістычных лічбаў: абласныя і Мінская гарадская камісіі. Яны правяраюць сапраўднасць подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах, здадзеных сябрамі ініцыятыўных груп, і забяспечваюць дакладнасць дадзеных аб колькасці такіх подпісаў. Відавочна, што выбарчыя камісіі абслугоўваюць дэ-факта ўладу і не выконваюць сваіх законных абавязкаў, іх дзейнасць пярэчыць і нацыянальнаму заканадаўству, і міжнародным стандартам у сферы выбараў".
Юрысты нагадваюць, што міжнародныя стандарты АБСЕ абавязваюць камісіі як органы, якія праводзяць выбары, дзейнічаць эфектыўна, калегіяльна, непрадузята, з захаваннем празрыстасці і незалежна ад дзяржаўных уладаў ці іншага палітычнага ўплыву. Іх дзейнасць павінна быць накіравана на добрасумленнае выкананне законаў без уліку якіх-небудзь палітычных меркаванняў (асабліва ў тых выпадках, калі ў склад выбарчых камісій уваходзяць прадстаўнікі розных партый), а таксама павінна карыстацца даверам усіх сіл, зацікаўленых у выніках выбараў.