Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Гэта дыскрымінацыя": ЦВК прапануе беларусам замежжа прагаласаваць унутры краіны

ЦВК абвясціў, што на выбарах* у гэтым годзе беларусы, якія жывуць за мяжой, змогуць прагаласаваць на шасці выбарчых ўчастках у абласных гарадах.

Цэнтральны выбарчы камітэт апублікаваў паведамленне для беларусаў, якія жывуць за мяжой. Паводле яго, яны змогуць прыняць удзел у галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах* у 2025 годзе, аднак для гэтага ім трэба прыехаць у любы абласны горад Беларусі.

Для беларусаў замежжа адмыслова вылучаныя наступныя ўчасткі:

  • Брэст, вул. Карла Маркса, д. 19, Брэсцкае абласное аб'яднанне прафсаюзаў — участак для галасавання № 24;
  • Віцебск, вул. Маякоўскага, д. 1, ДУ "Цэнтр культуры "Віцебск" — участак для галасавання № 15;
  • г. Гомель, вул. Ланге, д. 17, ДУ "Гомельскі абласны грамадска-культурны цэнтр" — участак для галасавання № 74;
  • г. Гродна, вул. Ажэшка, д. 22, УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы"—участак для галасавання № 14;
  • г. Мінск, вул. Свярдлова, д. 30, ДУА "Гімназія № 75 г. Мінска імя Масленікава П. В." —  участак для галасавання № 61;
  • г. Магілёў, вул. Бярозаўская, д.1, ДУА "Сярэдняя школа № 24 г. Магілёва імя К. М. Сіманава" — участак для галасавання № 84.

Святлана Галаўнёва, юрыстка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары":

"У ранейшыя гады, калі за мяжой жыло значна менш людзей, выбарчыя ўчасткі атрымлівалася арганізоўваць у консульствах. Тое, што гэта не робіцца цяпер, — выключна ініцыятыва ўладаў Беларусі. Таму я лічу, што гэта дыскрымінацыя — фактычна пазбаўляць права голасу значную частку грамадства. Больш за тое, такія абмежаванні можна разглядаць як частку больш шырокага трансгранічнага пераследу часткі насельніцтва, якая ўспрымаецца ўладамі як нелаяльная і якая знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Але насамрэч гэта абмежаванне, як і іншыя, накіраваныя першасна на людзей у вымушанай эміграцыі, закранаюць больш шырокія кола грамадства. Нармальнае выкананне консульствам і краінай сваіх функцый— гэта супольны інтарэс і тых, хто жыве па-за Беларуссю, і тых хто жыве ў краіне. Бо ўсе зацікаўлены ў тым, каб мець магчымасць выехаць за мяжу і быць упэўненымі, што прадстаўніцтва тваёй краіны дасць табе магчымасць прагаласаваць, замяніць згублены пашпарт і гэтак далей".