Германія: "Праз масавыя рэпрэсіі правядзенне свабодных і сумленных выбараў у Беларусі ўяўляецца немагчымым"
Міністэрства замежных справаў Германіі ацанілі перспектывы нямецка-беларускіх стасункаў у 2025 годзе. Яны заявілі, што ў агульным кантэксце масавых рэпрэсій правядзенне ў Беларусі 26 студзеня 2025 года свабодных і сумленных выбараў ўяўляецца немагчымым, заявілі "Позірку".
"У сувязі з гэтым карэнная змена абранай разам з іншымі краінамі — членамі ЕС лініі ў дачыненні да Беларусі не праглядаецца і ў новым годзе", — адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве ФРГ.
Там падкрэслілі, што Германія "і надалей будзе выступаць за свабодную і дэмакратычную Беларусь", а таксама "наладжваць кантакт з вядучымі прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл у выгнанні". Германія працягне патрабаваць забеспячэння свабоды СМІ "як у Беларусі, так і дзе б тое ні было".
Акрамя таго, ФРГ будзе прыкладаць "канкрэтныя намаганні для вызвалення палітвязняў і падтрымання мінімальных гуманітарных стандартаў для зняволеных у Беларусі".
"Мы спадзяемся, што ў 2025 годзе беларускі рэжым распачне актыўныя крокі ў гэтым кірунку", — заявілі "Позірку" ў МЗС ФРГ.