З дыскрымінацыяй і без мэты перамагчы на выбарах: юрысты прааналізавалі праграмы кандыдатаў на выбарах
У Беларусі з 1 па 25 студзеня праходзіць агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Кандыдаты могуць ажыццяўляць перадвыбарчую агітацыю ў пэўных формах, напрыклад, шляхам вырабу і распаўсюджвання агітацыйных матэрыялаў, правядзення масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканняў, мітынгаў і пікетавання), правядзення сустрэч з выбаршчыкамі, выступаў у сродках масавай інфармацыі. Гэты этап у Беларусі праходзіць неактыўна і незаўважна, але кандыдаты прадстаўляюць выбаршчыкам свае праграмы. У адпаведнасці з законам ім забараняецца прапагандаваць сацыяльную, расавую, нацыянальную, рэлігійную або моўную перавагу, якая выяўляецца ў падбухторванні да дыскрымінацыі, варожага стаўлення або гвалту. Тым не менш, як заўважылі юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", некаторыя кандыдаты у сваіх праграмах парушылі гэтую антыдыскрымінацыйную норму.
Юрысты нагадваюць, што агітацыя – гэта важны этап выбарчага працэсу, падчас якога кандыдаты атрымліваюць магчымасць выкласці свае перадвыбарчыя праграмы і палітычныя погляды, а таксама свае дзелавыя і асабістыя якасці, каб заваяваць любоў і падтрымку выбаршчыкаў і, пасля, перамагчы на выбарах.
"Аднак у некаторых кандыдатаў няма мэты перамагчы на выбарах, пра што і заяўляецца ў перадвыбарнай праграме. Напрыклад, Сяргей Сыранкоў заявіў, што "ідзе на выбары не замест, а разам з прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам", – заўважылі юрысты.
Падчас агітацыі свабода выказвання перакананняў абмяжоўваецца, гэта значыць кандыдатам забараняецца прапагандаваць сацыяльную, расавую, нацыянальную, рэлігійную або моўную перавагу, якая выяўляецца ў падбухторванні да дыскрымінацыі, варожага стаўлення або гвалту. Як заўважылі юрысты, у праграмах некаторых праўладных кандыдатаў утрымліваюцца прыкметы варожасці і дыскрымінацыі.
"Напрыклад, кандыдат Сяргей Сыранкоў плануе "ўвесці крымінальную адказнасць за прапаганду і практыку ЛГБТ", а таксама "паглыбіць ачышчэнне сістэмы не толькі дзяржавы, але і ўсяго грамадства ад пярэваратняў, якія займаюць адказныя пасады і пампавалі сістэму ў 2020 годзе і стаіліся, якія чакаюць паслабленняў для аднаўлення сваёй тлятворнай актыўнасці". Алег Гайдукевіч прапануе "на заканадаўчым узроўні абмежаваць удзел у выбарах некампетэнтных палітыкаў, здраднікаў, прадстаўнікоў пятай калоны". То бок падкрэслівае, што калі стане прэзідэнтам, то ўвядзе неабгрунтаваныя і дыскрымінацыйныя патрабаванні, якія абмяжоўваюць у выбарчых правах некаторыя пласты насельніцтва Беларусі".