Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Без агітацыі і з запалохваннем: як праходзіць выбарчая кампанія на Гомельшчыне

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі з 1 па 25 студзеня праходзіць агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Як адзначала "Гомельская Вясна", у гарадах ці вёсках Гомельшчыны не было заўважана ні агітацыйных пікетаў ці мітынгаў, ні сустрэч кандыдатаў ці іхніх давераных асобаў з выбаршчыкамі. Пры гэтым, праваабаронцы зафіксавалі факты запалохвання, у тым ліку асуджаных за падзеі 2020 года.

Мясцовыя дзяржаўныя газеты капіююць адныя і тое ж паведамленні пра выступы па тэлебачанні і радыё чатырох кандыдатаў, а таксама падрабязна цытуюць кожную рэпліку Лукашэнкі.

"Іншай нейкай актыўнасці ў кампаніі, якую ўлады імкнуцца прадставіць як "выбары прэзідэнта", не заўважна. Відавочна, што ў тых, каго называюць кандыдатамі, і блізка няма мэты змагацца за ўладу. А менавіта гэта мусіць быць мэтай любой кампаніі па выбарах", – адзначаюць праваабаронцы.

У той жа час, супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі аднаго з РАУС Гомельшчыны зладзілі "прафілактычную гутарку" з асобамі, якія знаходзяцца на "прафілактычным уліку". На мерапрыемстве сабралі даволі вялікую колькасць людзей, сярод якіх былі і рэпрэсаваныя з палітычных матываў.

"Пасля расповядаў пра тое, як цудоўна жывецца ў Беларусі і перасцярогаў ад нейкіх учынкаў, якія могуць не спадабацца ўладзе, што доўжыліся некалькі гадзінаў, супрацоўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі загадаў усім зноў з’явіцца на такую самую гутарку 26 студзеня. Некаторыя наведнікі гутаркі пачалі нагадваць міліцыянту, што 26-га ж – "выбары", і ім трэба будзе ісці галасаваць, а не прафілактычныя гутаркі ў РАУСе слухаць. На гэта супрацоўнік адказаў літаральна наступнае: "Ну попробуйте сходить проголосовать, посмотрим, чем это для вас закончится. Вы свое уже отголосовали в 20-м году!" Слухачы, якія сабраліся ў зале РАУС, так і не зразумелі сэнс такой рэплікі", – распавялі праваабаронцы. 

"Ці гэта запужванне, ці адкрыты намёк на тое, што і без нас вынікі будуць такія, як патрэбна ўладзе – і яўку напішуць, і патрэбную колькасць галасоў Лукашэнку. А з’яўленне на так званых выбарчых участках людзей, якія з 2020-га года маюць уласныя палітычныя погляды, якія відавочна не супадаюць з уладнымі, для тае самае ўлады непажаданае", – выказваюць здагадкі людзі, якія паведамілі праваабаронцам пра інцыдэнт.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"