Акцэнт на прасоўванні выбараў* сярод моладзі: як праходзіць выбарчая агітацыя на Віцебшчыне
У Беларусі з 1 па 25 студзеня праходзіць агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Распавядаем, як агітуюць на Віцебшчыне. Напярэдадні выбараў* чыноўнікі бесперапынна ездзяць па працоўных калектывах, а шмат падзей, якія апісваюць раёнкі, накіраваныя на агітацыю сярод моладзі. Усе мерапрыемствы накіраваны на агітацыю выключна за Лукашэнку.
У Бягомльскім лясгасе адбыўся форум для моладзі пра выбары*
Абласны форум "Выбары 2025: моладзевы электарат" адбыўся на базе Бягомльскага лясгаса. У ім узяла ўдзел моладзь, якая працуе ў галіне лясной гаспадаркі ў Віцебску, якая ўваходзіць у адмысловы дзяржаўны прафсаюз.
Акрамя наведвання гістарычных і культурных аб'ектаў, моладзь выслухала чыноўнікаў дзяржаўнага і абласнога масштабаў, якія распавядалі пра выбары*.
Такая ж дыялогавая пляцоўка для моладзі ўсяго рэгіёну адбылася ў Докшыцах.
Чыноўнікі масава сустракаюцца з працоўнымі калектывамі
Меркавана, пад агітацыяй у Беларусі цяпер разумеюцца шматлікія сустрэчы чыноўнікаў з выбаршчыкамі. Як і па ўсёй краіне, у Віцебскай вобласці праходзіць шмат такіх сустрэч, за якія масава справаздачацца раёнкі.
Так, віцебская абласная газета паведамляе, што з працоўнымі калектывамі сустракаюцца давераныя асобы кандыдатАЎ у прэзідэнты і чыноўнікі. Разам з тым часам пра палітычную павестку такіх сустрэч у тэкстах не распавядаецца — нібыта гаворка на такіх сустрэчах ідзе пра выключна бытавыя пытанні. Чыноўнікі нібыта выслухваюць людзей і дапамагаюць вырашыць іх праблемы.
Па Віцебску актыўна ездзіць дэпутат Віктар Нікалайкін, які распавядае пра тое, як Беларусь стала "узорам незалежнага развіцця для шматлікіх дзяржаў".
Ён прама агітуе за Лукашэнку, хаця і не называе ягонае імя:
"Усім рэкамендую азнаёміцца з праграмамі, каб зрабіць слушны і свядомы выбар. Пасля ўважлівага вывучэння тэкстаў для мяне відавочна: толькі ў аднаго кандыдата пазіцыя выкладзена выразна, зразумела і рэалістычна з аналізам пройдзенага шляху і бягучай сітуацыі, а таксама бачаннем будучага развіцця".
Тое ж заўважна і ў сустрэчы намесніка старшыні гарвыканкама Віктара Глушына, які сустракаўся са студэнтамі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Цытуючы яго, віцебская газета таксама не ўжывае прозвішча Лукашэнкі, аднак з прамовы агітацыя становіцца зразумелай:
"Вывучыўшы, якую колькасць подпісаў здолелі набраць кандыдаты (дзеючы прэзідэнт лідзіруе з больш чым двума мільёнамі подпісаў), можна сказаць, што выбарчая кампанія прадказальная. Гэта добра, і азначае, што яна павінна прайсці спакойна, без узрушэнняў краіны, без разгойдвання нашага грамадства. Таксама гэта азначае давер дзейнаму кіраўніку дзяржавы, курсу, якім ідзе Беларусь".
"Схаваная" давераная асоба
Цікава, што віцебскія СМІ, як і іншыя, прама не называюць, з даверанай асобай якога з кандыдатаў у прэзідэнты сустракаюцца выбаршчыкі. Так адбылося, напрыклад, пры асвятленні сустрэчы даверанай асобы Лукашэнкі Глеба Лапіцкага адразу з некалькімі калектывамі.
У матэрыяле "Витебские вести" называюць яго "спікерам", не ўжываюць прозвішчы ні яго, ні Лукашэнкі, аднак без праблем з імёнамі цытуюць словы супрацоўнікаў Дубровенскага ПМС, дзе адбылася адна з сустрэчаў.
Аднак СМІ чамусьці апублікавалі фотаздымак Лапіцкага з ягоным прозвішчам: згодна з ЦВК, ён з'яўляецца даверанай асобай Лукашэнкі.
"Аршанская газета" таксама не называе прозвішча ні даверанай асобы, ні кандыдата, якога яна прадстаўляе, пазначыўшы толькі, што "даверная асоба аднаго з кандыдатаў пабывала на Аршанскім мясакансервавым камбінаце, КХП, ільнакамбінаце". Таксама яго называюць "госць". Аднак раёнка публікуе фотаздымкі сустрэчы, з якіх бачна, што гэты госць — той жа самы Глеб Лапіцкі, давераная асоба Лукашэнкі. Больш за тое — файл з фотаздымкам таксама запампаваны з прозвішчам Лапіцкага.
Супрацоўнікі Дубровенскай раёнкі ў загалоўку хаця і пазначылі, што матэрыял пра сустрэчу давераных асобаў "кандыдатаў" у прэзідэнты, аднак у матэрыяле нават не напісалі, з даверанай асобай якога з кандыдатаў сустракаліся людзі.
У іншых выпадках дзяржаўныя асобы падкрэсліваюць, як важна паўдзельнічаць у электаральнай кампаніі і зрабіць свой выбар. У такіх выпадках яны масава падкрэсліваюць паспяховасць існуючай дзяржаўнай палітыкі.
Агітацыя сярод моладзі
Віцебскія медыя шмат увагі надзяляюць асвятленню агітацыі сярод мясцовай моладзі. Апроч стандартных паездак па калектывах і студэнтах, чыноўнікі таксама выкарыстоўваюць і "нестандартныя метады".
У Полацкім хіміка-тэхналагічным каледжы ў межах "Марафона адзінства" намесніца міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая і рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Юрый Раманоўскі правялі так званую "НЕскучную НЕлекцию".
"Кожны з нас мусіць несці адказнасць за свой выбар і ягоныя наступствы, — піша полацкая раёнка. — Гэта галоўная сутнасць мерапрыемства. Шакалад ці мандарын? Глядзець ці слухаць? Жыць сваім розумам ці падпарадкоўвацца меркаванню іншых? Выбар заўсёды ёсць!"
А ў Лепелі на тэму выбараў адбыўся цэлы квіз.
Таксама віцебскія раённыя медыя масава публікуюць інтэрв'ю з моладдзю і актыўнымі супрацоўнікамі розных прадпрыемстваў, якія распавядаюць, як важна прагаласаваць на гэтых выбарах*.