Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Якая агітацыя? Якія правы?" Праваабаронца распавёў, як праходзіць перадвыбарчая агітацыя на Барысаўшчыне

Агітацыйная сустрэча ў Барысаве
Агітацыйная сустрэча ў Барысаве

У Беларусі з 1 па 25 студзеня праходзіць агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Але на гэтых выбарах гэты этап праходзіць неактыўна: няма ні агітацыйных пікетаў ці мітынгаў, сустрэчы з кандыдатамі ці іхніх давераных асобаў з выбаршчыкамі хаваюць, а выступы каныдатаў на радыё і тэлебачанні праходзяць незаўважна. Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч прааналізаваў з адкрытыц крыніц агітацыйны этап у Барысаве і распытаў пра яго мясцовых жыхароў.

Як адзначае праваабаронца, для тых беларусаў, якія жывуць за мяжой, даведацца аб тым, як праходзяць выбары*, – задача не з лёгкіх.

"Яна, канешне, не такая складаная, як, скажам, спроба паўдзельнічаць у самім выбарчым працэсе шляхам галасавання. Для выканання апошняй трэба вярнуцца ў Беларусь. А не кожны можа дазволіць сабе такую раскошу ў сучасных умовах. І справа, вядома ж, не ў кошце квіткоў на аўтобус, або чэргах на мяжы". 

Каб здабыць каштоўную інфармацыю існуе два варыянты: або вывучаць змест мясцовых дзяржаўных сайтаў і СМІ, або даведвацца меркаванні тых, хто застаўся жыць у краіне.

Яго вялікасць усёмагутны інтэрнэт

Гадоў 30 таму любы чалавек, які пакінуў сваю айчыну, быў адрэзаны ад аператыўнай інфармацыі аб тым, што адбывалася дома. Зараз з гэтым праблемаў няма – усе навіны можна чытаць з любой кропкі Зямлі. Але беларусы – прадстаўнікі нацыі, якая мае выключэнне з правіла.

Наведаць сайты дзяржаўных органаў або дзяржаўных СМІ можна толькі ў выпадку, калі яны або ўсё яшчэ адкрыты для карыстальнікаў з замежнымі IP-адрасамі, або шляхам маніпулятыўных дзеянняў рознага кшталту. Проста так патрапіць на вялікую колькасць вэб-старонак беларускіх дзяржаўных сайтаў для карыстальнікаў з-за мяжы немагчыма. Яны недасяжныя.

Адпаведна, калі вы цікавіцеся тым, як праходзяць выбары* на вашай малой радзіме, вы можаце сутыкнуцца з адсутнасцю інфармацыі "з першых вуснаў". У гэтым плане сайт Барысаўскага раённага выканаўчага камітэту дэманструе адкрытасць: раздзел, прысвечаны электаральнай кампаніі, усё яшчэ можна вывучаць без выкарыстання хакерскіх штучак.

Што важнае можна там даведацца? Чытача чакае стандартны набор абвестак вельмі агульнага і інфармацыйна абмежаванага складу: аб утварэнні і дзейнасці выбарчых камісій (без ніякіх прозвішчаў), рашэннях выканкаму (далёка не ўсіх), участках для галасавання (без магчымасці адкрыць файл “Об образовании участков для голосования”) і т.п.

Этап агітацыі прадстаўлены няпоўнымі дадзенымі аб давераных асобах пяці кандыдатаў* на пасаду прэзідэнта (дарэчы, файл аднаго з іх – Сыранкова С.А. – "404 Not Found") і рашэннем Барысаўскага выканкаму “О некоторых вопросах организации…”, у якім вызначаны месцы для самой агітацыі.

Як адзначае Алег Мацкевіч, месцаў для агітацыі не шмат: плошча ў старым горадзе і тры пляцоўкі: дзве ў горадзе, адна – у раённым мястэчку. На тэрыторыю амаль у 3000 кв. км.

"Як для выбараў, дык гэта, канешне, нішто. Але як для выбараў*-2025, дык гэтага, мабыць, і зашмат. Хто бачыў кандыдатаў або іх давераных асобаў у вызначаных для агітацыі "open air"-месцах? Мяркуючы па навінах з палёў дзяржаўнай прэсы – ніхто".

Барысаўскай дзяржаўная раённая газета “Адзінства” беражліва ахоўвае інфармацыю аб мясцовых падзеях ад вачэй усіх, хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Сайт выдання для іх наглуха закрыты.

"Але, як пішуць мне тамтэйшыя чытачы, звесткі аб тым, што народ актыўна агітуюць кандыдаты або іх давераныя асобы недзе на адкрытых раённых прасторах, на старонках газеты адсутнічаюць. Дазволеныя плошчы і пляцоўкі, абвітыя з усіх бакоў зімовымі вятрамі, стаяць пустымі і ніякай карысці ў справе абрання будучага прэзідэнта краіны не прыносяць.

Затое, кажуць, ёсць свежы рэпартаж аб сустрэчы даверанай асобы галоўнага кандыдата з “трудовыми коллективами”. На маё пытанне назваць прозвішча “даверанай асобы” чытач “Адзінства” пералічвае: “спікер”, “выступающий”, “он”. Імя-прозвішча – няма. А яшчэ, кажа чытач, аўтар рэпартажу піша, што выступ таемнага спікера выклікаў “интерес среди присутствующих”. Зацікаўлены зместам газетнага матэрыялу прашу даслаць мне фотаздымкі. Я, канешне, не Станіслаўскі, але пабачыўшы скамянелыя твары сваіх землякоў, прысутных на сходзе, магу паўтарыць яго знакамітае “Не веру!”, – кажа Алег Мацкевіч.

Меркаванні выбаршчыкаў

"А што кажуць людзі ў Беларусі? Тыя, што кожны дзень ходзяць на працу, па крамах, у паліклінікі, спартзалы, дзяржаўныя ўстановы, водзяць дзяцей у садкі, школы, гуляюць па вуліцах, скверах і ў гарадскіх дварах? 

З гэтай мэтай задаю некалькім барысаўчанам пытанне: ці карыстаецеся вы правам свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарчых праграм кандыдатаў, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў, правам правядзення агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт, а таксама падчас сустрэч з выбаршчыкамі (артыкул 45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь)? 

Наўрад ці маё міні даследаванне можна назваць аб’ектыўным і усебаковым, нягледзячы нават на тое, што я спрабаваў задаваць гэтае пытанне людзям, далёкім ад палітыкі. Маленькая рэпрэзентатыўная выбарка, недахоп інфармацыі і яшчэ шмат чаго, што можна было паправіць. Але дух выбараў* і агульнага настрою выбаршчыкаў, думаю, злавіць мне ўдалося. Калі перадаць яго ў трох словах не зусім нарматыўнага зместу, то гучаць гэта будзе так: “Какіе на*** выбары?”.

Як дадае праваабаронца, ніхто з апытаных ніякай вонкавай агітацыі і блізка дасюль яшчэ не бачыў. І вось якія адказы атрымаў праваабаронца ад мясцовых жыхароў:

“Повесили какую-то ерунду на стенде объявлений” – аб’яву аб даце выбараў;

“Никого нигде не видела – ни агитаторов, ни сборщиков подписей, вообще… Может, где-то в Минске кто-то собирал или агитировал… В Борисове ничего нет”.

“Да, про выборы знаю. Я – пас. Если и пойду голосовать, то буду голосовать за любого, кроме него. У меня многие знакомые так делать будут – голосовать за любого, только не за него”.

“Какая агитация? Какие права? Издеваетесь? Слава богу, что на свободе. Еще не хватало влипнуть куда-нибудь. Нет, ничем таким не интересуюсь”.

“В почтовый ящик закинули приглашение и бумажку с физиономиями и что-то написано там еще… Не, не читал. Выкинул по дороге на работу.”

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"