Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Магчыма, мэта — стварыць адчуванне беспакаранасці": на Магілёўшчыне масава выдалілі навіны пра трэнінгі сябраў камісій

MAYDAY TEAM выявіў, што сайты дзяржаўных раённых і нават абласных газет выдалілі апублікаваныя матэрыялы пра трэнінгі для сябраў участковых выбарчых камісій, якія цяпер праходзяць па ўсёй краіне.

Гэта зрабілі, як мінімум, абласны холдынг "Магілёўскія ведамасці", а таксама раённыя выданні ў Чавусах, Крычаве, Быхаве, Краснаполлі, Дрыбіне і Шклове. Таксама інфармацыя была выдаленая з сайта Чавускага райвыканкама, а вось Быхаўскі райвыканкам пакінуў інфармацыю, але без фатаграфій. Раней на сайце быхаўскай раёнкі былі апублікаваныя фотаздымкі трэнінгу, аднак сябры камісій былі паказаныя са спіны. Верагодна, менавіта фотаздымкі сябраў участковых выбарчых камісій сталі падставай для аднамомантнага і масавага выдалення матэрыялаў.

Акрамя таго, "Аршанская газета" апублікавала інфармацыю пра трэнінг для чальцоў выбарчых камісій, аднак у фотарэпартажы да матэрыяла яны знятыя так, што пазнаць гэтых людзей цяжка, месцамі твары і ўвогуле "замыленыя". У раёнцы казалі, што падчас адмысловага трэнінгу чальцоў камісій рыхтавалі "быць гатовымі да ўсяго". 

Нагадаем, на гэтым тыдні па ўсёй Беларусі праводзяць семінары для сяброў выбарчых камісій. Гэта абавязковыя трэнінгі перад выбарамі, на якіх чальцам камісій тлумачацца нормы выбарчага заканадаўства і слушнасць выканання выбарчых працэдур, мадэлююцца ўмовы працы ўчастковай выбарчай камісіі ў перыяд датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў*. Беларускія раёнкі асвятляюць гэтыя трэнінгі, некаторыя з іх публікуюць дакладныя справаздачы з фотаздымкамі і падрабязным апісаннем пытанняў, якія там асвятляюцца. Аднак некаторыя раённыя СМІ хаваюць не толькі прозвішчы, аднак і твары чальцоў выбарчых камісій, якія бралі ўдзел у мерапрыемствах.

Паводле старшыні ЦВК Ігара Карпенкі, у Выбарчы кодэкс былі ўнесены змены, каб "абараніць чальцоў камісій ад агрэсіўнага ўздзеяння". Напрыклад, зараз у газетах і на сайтах выканкамаў не публікуюцца іх персанальныя даныя. 

Святлана Галаўнёва, юрыстка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", тлумачыць:

"У беларускіх рэаліях, калі мы глядзім на тое, што адбываецца вакол выбараў*, вельмі важны агульны кантэкст. Так, у дадзеным выпадку, дбаецца пра абмежаванне прысутнасці ў медыа сябраў выбарчых камісій – роля публічная, але ж не дзяржпасада. Такое ў тым ліку магчыма, каб сябры камісій не адчувалі дадатковага ціску — напрыклад, каб пазбегнуць выпадкаў карупцыі.

Але калі мы глядзім на агульны кантэкст, то бачым шырокія заканадаўчыя меры супраць грамадскага кантролю і незалежнага назірання. Апроч гэтага — ананімізацыю сябраў камісій. Магчыма, мэта гэтага — стварыць адчуванне беспакаранасці маніпуляцый падчас выбараў*. І ў дадзеныя тэндэнцыі добра ўкладваюцца схаваныя твары сябраў камісій, каб было менш магчымасцей іх індэнтыфікаваць і прыцягнуць да адказнасці".