Без пікетаў і выступаў: як праходзіць агітацыя ў Маладзечне і наваколлі
Да 25-га студзеня – да дня галасавання – адбываецца агітацыя. Але гэты этап, як і папярэднія, праходзіць неактыўна і незаўважна: няма агітацыйных пікетаў ці мітынгаў, а сустрэчы з кандыдатамі ці іхнімі даверанымі асобамі з выбаршчыкамі хаваюцца. Манітор кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавёў, як праходзіў гэты этап у Маладзечне, Вілейцы, Валожыне і Мядзелі.
Чарговая электаральная кампанія ў Маладзечне і іншых раённых цэнтрах рэгіёну праходзіць, як і папярэдняя, практычна незаўважна для старонняга назіральніка, адзначае манітор. У гарадах і мястэчках не бачна амаль ніякіх прыкметаў таго, што ў краіне праходзіць важнае, лёсавызначальнае мерапрыемства. Фактычна ўвесь агітацыйны працэс паходзіць унутры дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый у выглядзе сустрэч каіраўніцтва раёнаў, чыноўнікаў, дэпутатаў з працоўнымі калектывамі.
"І нават без асабістай прысутнасці на такіх мерапрыемствах многім зразумела, што агітацыя з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу вядзецца за аднаго ўсім вядомага кандыдата. Гэта можна прасачыць і па публікацыях на сайтах вертыкалі і мясцовых раёнак. Практычна на ўсіх такіх сустрэчах у розных выкананнях гучыць адзіная думка: "После предыдущей предвыборной кампании каждый задает себе вопрос: что было бы со страной, как бы жили наши дети, если бы президентом был другой человек? Надо ли что-то поменять?..."
І, як вынік, у графіку выступаў кандыдатаў на радыё і тэлебачанні нельга ўбачыць кандыдата Лукашэнку.
"Бо навошта яму тыя выступы, калі вынікі выбараў ужо прадвызначаныя: ва ўсіх дзяржаўных СМІ апублікаваныя вынікі сацапытання, якія сцвярджаюць, што за дзеючага прэзідэнта збіраюцца прагаласаваць 82,5 % выбаршчыкаў, а ў метадычках ідэолагаў, на пацвярджэнне чаго, прыводзіцца і цытата самаго "прэзідэнта": "…Как обычно, по-белорусски, чисто, аккуратно, на глазах всего мирового сообщества изберем СВОЕГО президента".