Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У МЗС Беларусі паведамілі, што запрасілі АБСЕ назіраць за выбарамі*. У БДІПЧ адказалі, чаму гэта позна

Выбары* ў Беларусі праходзяць у атмасферы страху і прыгнёту і з шырокамаштабнымі рэпрэсіямі.У Міністэрстве замежных спраў Беларусі паведамілі, што за выбарамі 26 студзеня будуць назіраць 456 замежных назіральнікаў з 49 краін. Як адзначылі на старонцы МЗС Беларусі ў Facebook, гэтыя назіральнікі атрымалі акрэдытацыю Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. 

"Запрашэнне было таксама накіравана Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ", — адзначаецца ў паведамленні.

Сярод іншых замежных арганізацый для назіраньня за выбарамі запрасілі Выканкам і Міжпарламенцкую Асамблею СНД, АДКБ, парламенцкі сход саюзнай дзяржавы, Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, Сакратарыят Рады ўзаемадзеяння і мераў даверу ў Азіі, моладзевую арганізацыю Руху недалучэння. Як вынікае з інфармацыі ЦВК Беларусі, найбольш міжнародных назіральнікаў (240) акрэдытавалі ад краін і органаў СНД.

У БДІПЧ АБСЕ 17 студзеня адрэагавалі на заяву МЗС Беларусі аб запрашэнні на выбары. У арганізацыі заявілі, што ўлады Беларусі са спазненнем накіравалі запрашэнне з прапановай назіраць за выбарамі 26 студзеня.

"Беларусь абвясціла дату прэзідэнцкіх выбараў некалькі месяцаў таму, і ўлады добра разумеюць, што БДІПЧ мае патрэбу ў своечасовым запрашэнні для назірання за ўсімі ключавымі аспектамі выбараў, уключаючы падрыхтоўку да дня выбараў", — паведаміла "Радыё Свабода" Каця Андруш, прэсавая сакратарка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

Такім чынам, паводле яе, сітуацыя застаецца такой, як была вызначана ў супольнай заяве Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ ад 9 студзеня. У ёй арганізацыі выказалі "глыбокае шкадаванне" праз рашэнне ўладаў Беларусі не запрашаць дзяржавы – удзельніцы АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў краіне 26 студзеня. Гэта, як адзначалася ў заяве, «перашкаджае бесстаронняй і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу».

"Нягледзячы на тое, што БДІПЧ ня можа назіраць за гэтымі выбарамі праз адсутнасць своечасовага запрашэння, мы працягваем уважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі з усіх пунктаў гледжання, ахопленых нашым мандатам", — падкрэсліла Каця Андруш.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"