Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Chatham House: на выбарах* плануюць галасаваць 36% беларусаў

"Беларуская ініцыятыва" Chatham House прэзентавала даследаванні грамадскай думкі пра ўспрыманне выбарчай кампаніі і сітуацыі ў Беларусі.

Важнасць выбараў*

Паводле вынікаў даследавання, большасць беларусаў (60%) лічаць прэзідэнцкія выбары важнай падзеяй сярод астатніх у 2025 годзе. Прычым на прамое пытанне аб важнасці выбараў*, 40% адказалі, што яны вельмі важныя і яшчэ 29% — што "хутчэй важныя".

Аднак значная частка прыхільнікаў дэмакратычных зменаў (9%) так не думаюць, мяркуючы, што выбары не паўплываюць на сітуацыю ў краіне. Яны прызнаюць, што галасаванне можа прыцягнуць увагу як грамадзян Беларусі, так і міжнароднай супольнасці.

Нейтральна настроеныя беларусы, разважаючы пра значэнне выбараў* для будучыні краіны, у першую чаргу кажуць пра выбары як такія, а не пра канкрэтныя будучыя выбары. Многія з іх сумняваюцца, ці варта галасаваць у гэты раз і ці змогуць іх галасы паўплываць на вынік.

Удзел у кампаніі

Нягледзячы на прызнанне значнасці выбараў*, многія беларусы не ўпэўненыя, што будуць галасаваць: доля ўпэўненых у сваім удзеле прыкметна ніжэйшая, чым у 2020 годзе. Калі ў 2020 годзе ў намеры галасаваць былі ўпэўненыя 75% рэспандэнтаў, то ў 2025 годзе — 36%, у два разы менш. На выбары* маюць намер ісці праўладныя беларусы, прадэмакратычныя хутчэй не будуць галасаваць.

chatham_house__2025.png

Таксама ў выбарчую кампанію беларусы не ўцягнутыя, важным лічыцца толькі сам дзень галасавання. Сярод прычын удзелу часцей за ўсё называюць пачуццё грамадзянскага абавязку, тады як адмову ад галасавання тлумачаць недаверам да працэсу і ўпэўненасцю ў перадвызначанасці вынікаў.

Цікава, што праўладныя крыніцы нядаўна апублікавалі вынікі свайго сацыяльнага даследавання, згодна з якім галасаваць на выбарах* збіраецца 85,5% беларусаў. Паводле апытання Chatham House, нават сярод прыхільнікаў улады дакладна будзе галасаваць 61% рэспандэнтаў, яшчэ 26% выбралі варыянт "хутчэй буду".

Сумленнасць выбараў*

Таксама большасць беларусаў, за выключэннем прыхільнікаў улады, лічаць, што выбары* не будуць праведзеныя сумленна. Так, амаль 90% рэспандэнтаў лічаць важным, каб галасы падлічвалі сумленна, але ўдвая менш вераць у магчымасць такога падліку.

Меркаванні адносна вынікаў выбараў падзяліліся. Многія перакананыя, што вынікі выбараў* не залежаць ад выбаршчыкаў. Прыхільнікі ўлады хутчэй лічаць, што вынікі не прадвызначаныя, а большасць грамадзян сапраўды галасуюць за Лукашэнку.

Беларусы хутчэй не лічаць, што выбары* будуць канкурэнтнымі, пры гэтым думаюць, што яны пройдуць бяспечна і спакойна. 27% грамадзян абсалютна ўпэўненыя, што будзе праведзены аб'ектыўны падлік галасоў. Заўважнае жаданне беларусаў канкурэнтных і сумленных выбараў*.

chatham_house_2025.png

Даследаванне праводзілася з 9 снежня 2024 года па 15 студзеня 2025 года шляхам анлайн- і тэлефоннага апытанняў ды глыбінных інтэрв'ю. У ім узялі ўдзел больш за 1 200 беларусаў: 833 — праз анлайн-апытанне, 400 — праз тэлефоннае апытанне і 15 — з дапамогай глыбіннага інтэрв'ю.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"