Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Этапы галасавання і падліку галасоў: чаму яны важныя і як уплываюць на будучыню?

Свабодныя і справядлівыя выбары – гэта ключавы элемент дэмакратыі, а галасаванне – яго кульмінацыя. Менавіта ў гэты момант выбаршчыкі выказваюць сваё меркаванне, выбіраючы тых, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы наступныя некалькі год. У гэтым палягае сутнасць прадстаўнічай дэмакратыі: абраны народам прэзідэнт ці парламент абавязаныя прымаць рашэнні ад імя сваіх выбаршчыкаў і несці перад імі адказнасць.

Права голасу: чаму гэта так важна?

Нагадаем, што права на ўдзел у выбарах — гэта адна з асноўных праяў рэалізацыі права на ўдзел у кіраванні дзяржавай. У той жа час, права ўдзельнічаць у выбарах — не проста юрыдычная норма, а адно з базавых правоў, якое дазваляе кожнаму чалавеку ўплываць на кіраванне сваёй краінай. Вынікі галасавання вызначаюць, хто з кандыдатаў атрымае мандат даверу ад грамадства. Але важна не толькі прагаласаваць — важна, каб меркаванне кожнага выбаршчыка было дакладна зафіксавана і належным чынам улічана.

Таемнасць і свабода — аснова справядлівых выбараў. Галасаванне павінна быць:

  • таемным: толькі выбаршчык ведае, за каго ён аддаў свой голас. Гэта гарантуе, што ён можа свабодна выказаць сваё меркаванне без страху пераследу;
  • свабодным: выбар мусіць быць сапраўдным, з рэальнай магчымасцю галасаваць за розных кандыдатаў, уключаючы апазіцыйных. Дзяржава абавязана абараняць выбаршчыкаў ад ціску, а парушальнікі гэтага прынцыпу павінны несці адказнасць у адпаведнасці з законам.

Пра гэта сведчаць абязацельствы ў сферы дэмакратычных выбараў, якія існуюць у дзяржавах-удзельніцах АБСЕ, а таксама арт. 191 КК “Перашкаджэнне ажыццяўленню выбарчых правоў, або рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, або рабоце Цэнтральнай выбарчай камісіі, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата” і арт. 192 КК “Парушэнне заканадаўства аб выбарах <...> і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян”

Падлік галасоў — гэта этап, які вызначае не толькі пераможцаў выбараў, але і давер грамадства да выбарчага працэсу. Ён павінен праходзіць:

  • празрыста: каб кожны выбаршчык мог упэўніцца, што яго голас улічаны;
  • дакладна і шчыра: дзяржава абавязана абараняць вынікі ад фальсіфікацый і строга караць за парушэнні выбарчага заканадаўства.

Дзяржава мусіць абараняць галасы выбаршчыкаў ад фальсіфікацый вынікаў і папярэджваць такія злачынствы (згодна з арт. 191/192 КК Рэспублікі Беларусь), а не здзяйсняць іх. Справядлівы працэс галасавання і падліку галасоў – гэта не толькі абавязацельства дзяржавы, але і падмурак даверу грамадзян. Без свабодных і празрыстых выбараў немагчыма пабудаваць дэмакратычнае грамадства, у якім правы кожнага будуць сапраўды паважацца.

Чым рэгламентуецца парадак галасавання і падліку галасоў?

Парадак галасавання і падліку галасоў вызначаецца главамі 13 і 14 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь (ВК). У гэтых раздзелах рэгламентуюцца месца і час галасавання, арганізацыя выбарчага працэсу на ўчастках і падчас датэрміновага галасавання.

Аднак некаторыя аспекты галасавання і падліку галасоў вызначаны недастаткова дакладна. Напрыклад, у ВК адсутнічае дэталёвае апісанне метаду падліку бюлетэняў участковымі камісіямі, што стварае магчымасці для маніпуляцый падчас падліку галасоў. Пасля крытыкі незалежных назіральнікаў улады ў мінулым прымалі метадычныя рэкамендацыі для сябраў камісій, якія прадугледжвалі, напрыклад, схему размяшчэння сталоў, сябраў камісій і назіральнікаў для празрыстасці працэдуры. На апошніх і дадзеных выбарах* такія рэкамендацыі апублікаваны не былі, і іх выкарыстанне на афіцыйным узроўні не прадугледжана.

Нягледзячы на аўтарытарны характар улады ў Беларусі, улады працягваюць называць выбары дэмакратычнымі, а галасаванне — свабодным, таемным і празрыстым. Аднак на практыцы гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай міжнародных механізмаў, у тым ліку Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) з 30 студзеня 1992 года. У рамках свайго ўдзелу Беларусь узяла на сябе абавязальніцтвы выконваць стандарты і прынцыпы гэтай арганізацыі, у тым ліку, садзейнічаць правядзенню празрыстых выбараў.

Як можна прагаласаваць?

Датэрміновае галасаванне

Згодна з арт. 53 ВК, датэрміновае галасаванне з’яўляецца экстраардынарнай мерай, бо правам удзелу у датэрміновым галасаванні надзяляюцца тыя людзі, якія не могуць узяць удзел у выбарах у асноўны дзень галасавання. Пры гэтым, беларускае заканадаўства (у адрозненні ад іншых краін) не патрабуе афіцыйных пацверджанняў немагчымасці прагаласаваць у асноўны дзень, чым актыўна карыстаюцца ўлады.

Правядзенне датэрміновага галасавання ў Беларусі лічыцца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу Беларусі, паколькі стварае шырокія магчымасці для фальсіфікацыі вынікаў выбараў. А менавіта падчас датэрміновага галасавання ў сябраў камісій ёсць магчымасць падкладаць бюлетэні ў скрыні, якія ніяк не кантралююцца ноччу і фальсіфікаваць яўку на выбарах, падвышаючы яе ў некалькі разоў – у два, тры, пяць і нават у адзінацць. І як следства – высокая яўка на датэрміновае галасаванне. На папярэдніх выбарах* 2024 г. яўка падчас датэрміновага галасавання дасягнула рэкордных 56%, што з’яўляецца значна больш за палову ад агульнай афіцыйнай яўкі 73%.

Да сакавіка 2023 г. у ВК было замацавана: выбары прызнаюцца выбарамі, якія адбыліся, калі ў галасаванні ўзялі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў акругі. Цяпер у ВК няма ўстаноўленай мінімальнай яўкі для таго, каб выбары адбыліся. То бок выбары будуць прызанныя ўладамі сапраўднымі нават тады, калі прыдзе нязначная частка насельніцтва. Пры гэтым, старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў падтрымку прыняцця дадзеных зменаў выказаўся, што адсутнасць мінімальнай яўкі выбаршчыкаў “спросціць працу выбарчым камісіям і суб'ектам, якія займаюцца арганізацыяй выбараў”. 

Датэрміновае галасаванне не з’яўляецца распаўсюджанай з’явай сярод дэмакратычных краін. Хаця па сваёй ідэі можа быць пазітыўнай мерай, якая рэалізуе прынцып усеагульнасці – кожны мае права нараўне з астатнімі на тое, каб прагаласаваць, а таксама прынцып універсальнасці – галасаванне падчас некалькіх дзён забяспечвае больш шырокі дасяг розных групаў насельніцтва, якім можа быць цяжка ці немагчыма прагаласаваць у асноўны дзень галасавання (Альтэрнатыўныя метады і арганізацыя галасавання, АБСЕ). 

Эксперты АБСЕ вызначаюць спецыяльныя працэдуры галасавання, якія прымяняюцца адносна людзей, якія фізічна не могуць прыйсці на ўчастак для галасавання, а прымяняцца яны могуць толькі пры абавязковай умове кантролю бяспекі галасоў (абязацельствы ў сферы дэмакратычных выбараў, якія існуюць у дзяржавах-удзельніцах АБСЕ). 

З пункту гледжання дэмакратыі, лагічна, што каб адбылося галасаванне, у ім мусіць паўдзельнічаць крытычны мінімум людзей, толькі тады можна вызначыць агульнае меркаванне ўсяго народу. Менавіта воля народа з’яўляецца асновай для дэмакратычнай улады. Успрыманне людзьмі выбараў як сумленных прама ўплывае на ўзровень яўкі ў краіне. Менавіта разумеючы гэтую заканамернасць, улады намагаюцца стварыць уражанне высокай яўкі гвалтоўнымі, незаконнымі і маніпулятыўнымі метадамі.   

Галасаванне ў асноўны дзень

Згодна з арт. 52 ВК, галасаванне павінна забяспечваць таямніцу выбару. Выбаршчыкі павінны галасаваць самастойна, у выключных выпадках — з дапамогай іншай асобы, але не сябраў камісій або давераных асоб кандыдатаў (Збор рэкамендуемых норм пры правядзенні выбараў).

Заканадаўствам забараняецца фатаграфаванне бюлетэняў і вынас іх за межы ўчастка. Што, у сваю чаргу, можа выкарыстоўвацца і ў дэмакрытычных краінах з мэтай папярэджвання подкупу выбаршчыкаў. Напрыклад, ад выбаршчыка могуць патрабаваць прадставіць фатаграфію запоўненага пэўным чынам бюлетэня для пацвярджэння “правільнага” галасавання і атрымання за гэта грошай/прадуктаў харчавання/іншых каштоўнасцей. Такім чынам, такая забарона можа служыць эфектыўным метадам барацьбы з подкупам выбаршчыкаў. 

Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў

Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў праходзіць у асноўны дзень галасавання, хаця запытаць яго можна раней. Для галасавання з дому выбаршчыка ва ўчастковых камісіях павінны быць 3 пераносныя скрыні для галасавання. Па ўзгадненні з ЦВК, колькасць скрыняў можа быць павялічана, але не больш чым на 2 (арт. 54 ВК). 

На мінулых выбарах фіксавалася анамальна высокая колькасць тых, хто прагаласаваў, па месцы знаходжання, а таксама адсутнасць большасці з такіх выбаршчыкаў пісьмовых заяў. Заканадаўства патрабуе мець для гэтага паважлівую прычыну, напрыклад, цяжкі стан здароўя і  пісьмовую або вусную заяву, але не патрабуе афіцыйнага пацверджання гэтым прычынам. На практыцы гэта дазваляе арганізаваць такое галасаванне і без заявак, а назіральнікам не даказваць сапраўднасць такіх заявак (справаздача 2019). 

Эксперты Венецыянскай камісіі лічаць, што “выкарыстанне пераносных скрынь для галасавання непажадана, паколькі спалучана з сур'ёзнай небяспекай падтасовак. Тым не менш, калі яны ўсё ж выкарыстоўваюцца, варта вызначыць жорсткія ўмовы з мэтай недапушчэння парушэнняў, у тым ліку накіраванне разам са скрыняй некалькіх сяброў участковай выбарчай камісіі, якія прадстаўляюць розныя палітычныя аб'яднанні”. Таксама яны звяртаюць увагу на падвышаную рызыку ўплыву сябраў камісіі на выбаршчыкаў (Збор рэкамендуемых норм пры правядзенні выбараў).

Як адбываецца падлік галасоў?

Калі дзяржава арыентаваная на чалавека, тады яна зацікаўлена ў даверы грамадства да вынікаў падліку галасоў. Сябры выбарчых камісій, якія мусяць складацца з розных палітычных і грамадскіх прадстаўнікоў, мусяць супрацоўнічаць з назіральнікамі, у тым ліку, міжнароднымі, каб у сябраў камісій не было магчымасці сфальсіфікаваць вынікі, а ў выбаршчыкаў – сумневаў у празрыстасці працэдуры падліку. Гэта выражаецца ў такіх дзеяннях, як, напрыклад, дэманстрацыя кожнага бюлетэню ўсім і агалошванне, за каго ён, такім чынам, каб назіральнікі маглі весці свой незалежны падлік. Згодна з міжнароднымі стандартамі, да назірання за падлікам галасоў могуць быць нават дапушчаныя выбаршчыкі, якія зарэгістраваны на дадзеным участку. Усе яны маюць права на атрыманне пратаколу з вынікамі падліку галасоў, яшчэ адна копія мусіць быць неадкладна вывешаная на дошцы аб’яў, другая копія застаецца на выбарчым участку і трэцяя копія накіроўваецца ў вышэйшую інстанцыю (Збор рэкамендуемых норм пры правядзенні выбараў).

У той жа час, у ВК адсутнічае апісанне працэдуры падліку выбарчых бюлетэняў. Адсутнічаюць на гэты конт пастановы ЦВК і метадычныя дапаможнікі. На практыцы, чальцы УВК ажыццяўляюць сумесны і адначасовы падлік бюлетэняў, хаваючы гэты працэс ад назіральнікаў (на гэтых выбарах* незалежных назіральнікаў і зусім няма). Працэдура падліку бюлетэняў не з’яўляецца празрыстай і не дазваляе суаднесці вынікі назірання за падлікам галасоў з дадзенымі, адлюстраванымі ў пратаколе аб выніках галасавання. Напрыклад, не агалошваюцца вынікі асобнага падліку галасоў, у шматлікіх УВК падлік бюлетэняў не ажыццяўляецца асобна за кожнага кандыдата, у большасці УВК назіральнікі знаходзіліся ў нязручным для ажыцяўлення назірання за падлікам галасоў месцы.

Нязменнасць гэтага працэсу з кампаніі ў кампанію толькі сведчыць пра зацікаўленасць дзяржавы, і ЦВК у прыватнасці, у арганізацыі непразрыстага падліку галасоў. 

Непразрыстасць працэдур падліку галасоў не дазваляе рабіць высновы аб рэальным волевыяўленні выбарцаў і паўтарае негатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній.

Па назіранні за мінулымі выбарчымі кампаніямі, фальсіфікацыі вынікаў галасавання адбываюцца як на кожнай УВК, так і ў акружных выбарчых камісіях, куды павінны перадавацца пратаколы з вынікамі галасавання з усіх участковых выбарчых камісіях з адпаведнай акругі. ВК не дэталізуе працэс звядзення вынікаў, а таму сябры АВК лічаць па адвольнай працэдуры. Праверыць гэта немагчыма і таму, што на практыцы УВК не публікуюць вынікі галасавання па сваіх участках. 

На папярэдніх выбарчых кампаніях, як і на выбарах дэпутатаў у 2019 г. назіральнікі фіксавалі, што працэдура звядзення вынікаў не з’яўляецца празрыстай. 

Якім стандартам павінны адпавядаць этапы галасавання і падліку галасоў? 

Перш за ўсё, улады Беларусі павінны перагледзець свой падыход да выканання правоў чалавека. Але нават фармальнае выкананне некаторых рэкамендацый пакуль не можа вярнуць выбарам у краіне свабоду і справядлівасць. У першай справаздачы місіі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” падрабязна тлумачыцца, чаму выбары ў цяперашняй рэпрэсіўнай сітуацыі не могуць быць прызнаныя сапраўднымі.

Беларусь атрымала рэкамендацыі ад АБСЕ і Венецыянскай камісіі яшчэ ў 2010 годзе. Праводзіць дэмакратычныя выбары з улікам міжнародных стандартаў, у прыватнасці свабодным і таемным галасаваннем – гэта абавязак дзяржавы, улада якой сапраўды базуецца на волі народа.

Венецыянская камісія адзначае, што менавіта падчас галасавання адбываюцца найбольш крытычныя парушэнні. У Беларусі для забеспячэння дэмакратычных выбараў патрабуецца радыкальны падыход і актыўная дзейнасць уладаў, накіраваная на пераадоленне негатыўных традыцый і практык.

Асноўныя прапановы, якія робяцца незалежнымі назіральнікамі і праваабарончымі арганізацыямі, датычацца датэрміновага галасавання і ўключаюць:

  • Адмену датэрміновага галасавання праз высокую рызыку фальсіфікацый.
  • Увядзенне крытэраў для яго правядзення, напрыклад, афіцыйна пацверджаныя прычыны немагчымасці галасавання ў асноўны дзень.
  • Захаванне выбарчых матэрыялаў у бяспечным і кантралюемым асяроддзі, уключаючы апячатванне выбарчых скрыняў і памяшканняў.
  • Забарону прысутнасці трэціх асоб, такіх як супрацоўнікі міліцыі, у месцах, дзе захоўваюцца бюлетэні.

Для выбараў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам (напрыклад, Капенгагенскі дакумент АБСЕ 1990 г.), прапануецца:

  • Галасаванне па месцы знаходжання павінна быць даступнае толькі людзям з пацверджанымі медыцынскімі прычынамі.
  • Выдача бюлетэняў з абаронай і ўкараненне празрыстых выбарчых скрыняў.
  • Празрыстая працэдура падліку галасоў, уключаючы прысутнасць назіральнікаў, якія могуць сачыць за падлікам кожнага бюлетэня.
  • Апублікаванне вынікаў па ўсіх участках на сайце ЦВК.

Якія наступствы фальсіфікацыі вынікаў?

Агулам выбары не могуць разглядацца ў вакууме. Калі ў краіне адбываюцца палітычныя рэпрэсіі, цяжка казаць пра магчымасць дэмакратычных выбараў з вынікамі, якія ўсе прызнаюць. Пад прыкрыццём устаноўленых заканадаўствам працэдур і з парушэннем міжнародных стандартаў у галіне правядзення дэмакратычных выбараў улады пераследуюць сваю лінію ўтрымання ўлады нелегітымным спосабам.

ЦВК адказвае за арганізацыю і правядзенне выбараў на дзяржаўным узроўні. Сябры ўчастковых выбарчых камісій непасрэдна займаюцца падлікам галасоў. Але працэс фарміравання выбарчых камісій не адпавядае міжнародным стандартам, асабліва ў рэпрэсіўных умовах, калі апазіцыйныя партыі і грамадскія аб’яднанні выключаны з электаральнага працэсу, суды дзейнічаюць з перадузятасцю, а незалежнасць ЦВК фактычна адсутнічае.

Заканадаўства прадугледжвае магчымасць прызнаць выбары несапраўднымі ў выпадку сур’ёзных парушэнняў. Напрыклад:

  • Абласныя або Мінская гарадская выбарчыя камісіі могуць ануляваць вынікі выбараў пры выяўленні парушэнняў (арт. 83 ВК).
  • ЦВК і Вярхоўны суд маюць падобныя паўнамоцтвы (арт. 84 ВК).

Арганізатары і выканаўцы фальсіфікацый павінны несці крымінальную адказнасць. Згодна з арт. 192 Крымінальнага кодэкса, крымінальна караюцца:

  • Падробка выбарчых дакументаў.
  • Парушэнне таямніцы галасавання.
  • Заведама няправільны падлік галасоў.
  • Іншыя наўмысныя скажэнні вынікаў галасавання.

У 2019 годзе праваабаронца звярнуўся да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай наконт юрыдычнай адказнасці чальцоў камісій. У адказ яна заявіла, што паўнамоцтвы сяброў камісій завяршаюцца пасля падліку галасоў. (Крыніца)

Куды скардзіцца і пры якіх умовах?

Будзь-якое парушэнне на любым этапе выбарчага працэсу (уключаючы галасаванне і падлік галасоў) цягне за сабой юрыдычную адказнасць. У арт. 49 ВК пералічаны наступныя дзеянні:

  • Перашкоды рэалізацыі права на выбары.
  • Падробка выбарчых дакументаў.
  • Парушэнне таямніцы галасавання.
  • Свядома няправільны падлік галасоў і інш.

Скаргі можна падаваць у вышэйшую выбарчую камісію ці дзяржаўныя органы (напрыклад, пракуратуру), якая павінна сачыць за законнасцю.

  • Скаргі прымаюцца на працягу 10 дзён пасля выбараў. Пададзеныя пазней за гэты тэрмін, яны не разглядаюцца.
  • Тэрмін разгляду – тры дні.
  • Скаргі, звязаныя з выбарчымі парушэннямі ў дзень выбараў, павінны разглядацца не даўжэй за 2 гадзіны (арт. 49-1 ВК).