Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Паветраныя гімнасты і хор хлопчыкаў: што пакажуць міжнародным назіральнікам на выбарах*

17 студзеня ўпраўленне культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта выдала загад пад назвай "Об участии в мероприятии", які патрапіў да кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". У ім вядзецца гаворка пра рэпетыцыі і канцэрт-прэзентацыю для міжнародных і нацыянальных назіральнікаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, актыва палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў у "Палацы Рэспублікі", удзел у якім забяспечваюць прадстаўнікоў з дзевяці установаў. Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч прааналізаваў гэты дакумент.

МЗС Беларусі 17 студзеня паведаміла аб тым, што даслала місіі БДІПЧ АБСЕ запрашэнне на выбары*. Гэтая навіна з’явілася роўна праз два тыдні пасля таго, як А. Лукашэнка заявіў, што дапускае прысутнасць на прэзідэнцкіх выбарах* заходніх назіральнікаў.

"Люди, которые приедут, – все-таки что-то человеческое же у них есть. Они же будут видеть реальную картину в Беларуси. Да, у них это шоу. У нас нет, у нас выборы – серьезное мероприятие",выказаўся 3 студзеня галоўны кандыдат на пасаду кіраўніка краіны на сустрэчы з сваімі даверанымі асобамі.

Нібы жадаючы пацвердзіць словы А. Лукашэнкі аб тым, што ў "іх выбары – шоу, а ў нас – сур’ёзнае мерапрыемства", 17 студзеня упраўленне культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта выдала загад пад назвай "Об участии в мероприятии", адзначае праваабаронца.

Дакумент прадугледжвае правядзенне 25 студзеня ў Палацы Рэспублікі канцэрта-прэзентацыі для міжнародных і нацыянальных назіральнікаў, прадстаўнікоў СМІ, актыву палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў. "Сур’ёзнасць выбараў", па меркаванні чыноўнікаў упраўлення культуры Мінскага гарвыканкаму варта прадэманстраваць пры дапамозе ўдзелу ў мерапрыемстве паветраных гімнастаў з дзяржаўнага цырку і харавых калектываў з розных сталічных устаноў адукацыі.

17-га ж студзеня Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ адрэагавала на заяву беларускіх уладаў і фактычна паўторна выказала сваё "глыбокае шкадаванне", але ўжо з прычыны несвоечасовасці запрашэння.

Такім чынам "западные наблюдатели на выборы с уже заготовленными заявлениями: все плохо, конкуренции не было, не было шоу, как, например, в США" не прыедуць, як пісалі ў дзяржаўных медыя.

"І відовішча, як у ЗША, не будзе. Але ўсё астатняе будзе як у Беларусі", – падсумоўвае праваабаронца.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"