Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Выбары* 2025 — несвабодныя выбары": на беларусаў ціснуць падчас збору подпісаў

Бягучая выбарчая кампанія адзначаецца масавымі рэпрэсіямі. Падчас выбараў* у Беларусі традыцыйна прыцягваюць адміністрацыйны рэсурс, а таксама ўжываюцца традыцыйныя метады ціску: пагрозы звальнення, высялення з інтэрната ды іншае.

Пра гэта "Вясне" паведамляюць крыніцы. На адным з прадпрыемстваў начальства пагражае праблемамі тым, хто не паставіў свой подпіс у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Працаўнікоў запалохваюць магчымымі праверкамі подпісаў у спісах, але не ўдакладняюць, якімі наступствамі для іх гэта скончыцца. Аднак папярэджваюць, што калі знойдуць подпіс, пакінуты ў падтрымку іншых кандыдатаў, то не падоўжаць кантракт.

Выбары-2025: што такое права на свабоду ад запалохвання?

Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тлумачаць, што з'яўляецца парушэннем і як гэтаму супрацьстаяць.

Нагадаем, нядаўна Лукашэнка паведаміў, што ў яго падтрымку ўжо сабрана больш за 700 тысяч подпісаў. Гэта ў сем разоў больш, чым неабходна.

Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" каментуюць:

"Выбарчы працэс у Беларусі ўжо на ранніх стадыях праходзіць ва ўмовах наўмыснага і паслядоўнага парушэння прынцыпу свабоды волевыяўлення грамадзян. Відавочна, выбары* 2025 — несвабодныя выбары: сярод іншага, практыкі ціску, запалохвання і наўпроставага ўплыву на волю выбаршчыка з'яўляюцца інструментам Лукашэнкі для ўтрымання ўлады. Ён па-ранейшаму не мае намеру прытрымлівацца агульнапрынятых і абавязковых стандартаў правоў чалавека і правядзення выбараў, у прыватнасці.

Ва ўмовах дэмакратыі выбары дазваляюць людзям рэалізаваць сваё права на ўдзел у кіраванні дзяржавай. Лукашэнка наўмысна адыходзіць ад патрабаванняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, бо ён ведае, што не будзе абраны на сумленных і свабодных выбарах. Заўвагі агульнага парадку Камітэта па правах чалавека ААН да арт. 25, прысвечанага праву на кіраванне дзяржавай, дэкларуюць:

  • выбаршчыкі мусяць быць абароненыя ад любога ціску ці прымусу, а таксама ад любога незаконнага або адвольнага ўмяшання ў працэс выбараў".